ЗША: арцыбіскуп перасцерагае ад саюзу з постлібералізмам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Вашынгтоне “Інстытут Актана” выдаў кнігу Джэймса Патэрсана і Томаса Хаўза "Чаму постлібералізм пацярпеў паразу" ("Why Postliberalism Failed"). Даследчыкі сцвярджаюць, што гэтая ідэалогія імкнецца ўсталяваць неабмежаваную выканаўчую ўладу праз выкарыстанне касцельных аргументаў. Аб гэтым піша “OSV News”.
На думку аўтараў, постліберальны праект заўсёды церпіць крах і пакідае пасля сябе цяжкія рэпутацыйныя наступствы для Касцёла. Гістарычны вопыт паказвае, што палітызацыя веры робіць рэлігійныя інстытуты суаўтарамі памылак аўтарытарных рэжымаў.
"У кожную эпоху Каталіцкі Касцёл павінен з цвярозасцю аналізаваць палітычныя праекты, якія выкарыстоўваюць яго імя, спасылаюцца на яго аўтарытэт або абяцаюць садзейнічаць агульнаму дабру ў яго абарону", - падкрэсліў ён. На думку іерарха, гаворка ідзе пра ідэалогію, што карыстаецца касцельнымі аргументамі для апраўдання неабмежаванай выканаўчай улады.
Арцыбіскуп Кардылеонэ пагадзіўся з аўтарамі кнігі, што неліберальныя мадэлі саюзу Касцёла і дзяржавы не здольны вырашыць існуючыя праблемы. Ён падкрэсліў, што галоўная мэта вернікаў палягае не ва ўвасабленні ў жыццё няўдалых палітычных канцэпцый, а сведчанне – цярплівае і пераканаўчае – пра Евангелле. На яго думку, гэтае сведчанне павінна адбывацца ў межах неідэальных, але здатных да рэфармавання структур сучаснай дэмакратыі.
Тэкст прадмовы заклікае вернікаў захоўваць евангельскую цвярозасць перад тварам палітычных спакус.