Пошук

Вітраж-ружа ў катэдры "Нотр-Дам" Вітраж-ружа ў катэдры "Нотр-Дам" 

Катэдру "Нотр-Дам" працягнуць рэстаўраваць у 2027-2033 гадах

У Парыжы хутка пачнецца заключны этап аднаўлення славутай катэдры "Нотр-Дам" пасля пажару 2019 года. Кошт прац ацэньваецца ў 150 мільёнаў еўра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новы крок у адраджэнні славутай парыжскай святыні запатрабуе значных фінансавых рэсурсаў. Агульны кошт гэтага перыяду ацэньваецца ў 150 мільёнаў еўра. Цяпер арганізатары маюць у сваім распараджэнні толькі 20 мільёнаў еўра. Астатнюю суму плануецца сабраць дзякуючы шчодрасці мецэнатаў і ахвярадаўцаў.

Апошні рэстаўрацыйны этап запланаваны на 2027-2033 гады. Ён ахоплівае больш за дзесяць важных кірункаў працы. Сярод асноўных задач – поўная рэстаўрацыя вялікага заходняга вітража-ружы, якое лічыцца шэдэўрам мастацтва ХІІІ стагоддзя. Гэты ўнікальны элемент архітэктуры не праходзіў комплекснай рэстаўрацыі з ХІХ стагоддзя. Прадугледжаны таксама працы ў паўночным трансепце, рамонт сярэднявечных скульптур і аслабленых архітэктурных элементаў.

Адкрыццё катэдры Парыжскай Божай Маці для здзяйснення набажэнстваў у снежні 2024 года не азначала поўнага завяршэння прац. Акрамя рамонту пашкоджаных пажарам фрагментаў, было вырашана заняцца кансервацыяй іншых частак. Гаворка ідзе пра тыя элементы храма, якія ўжо даўно патрабавалі сур’ёзнай рэстаўрацыі.

 

06 ліпеня 2026, 10:59