Пошук

Кардынал Рабэр Сара падчас выступлення ў Еўрапейскім парламенце Кардынал Рабэр Сара падчас выступлення ў Еўрапейскім парламенце  (© Davide D'Orazio)

Кардынал Сара: паважайце культурны суверэнітэт Афрыкі

Паважаць культурны суверэнітэт афрыканскіх народаў і адмовіцца ад практыкі “ідэалагічнай каланізацыі” заклікаў кардынал Рабэр Сара падчас выступлення ў Еўрапейскім парламенце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект-эмерыт Кангрэгацыі Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў быў галоўным госцем канферэнцыі, прысвечанай адносінам паміж Еўропай і Афрыкай, арганізаванай фракцыяй Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў (ECR). У сустрэчы, якая адбылася 15 ліпеня 2026 года ў сядзібе Еўрапарламента ў Бруселі, таксама ўдзельнічаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, апостальскі нунцый у Еўрапейскім Саюзе.

Кардынал Рабэр Сара адзначыў, што ў адносінах паміж Еўрапейскім Саюзам і афрыканскімі краінамі словы ўсё часцей выкарыстоўваюцца не для адлюстравання рэчаіснасці, а для яе скрыцця або скажэння. Спасылаючыся на Папу Льва XIV, ён падкрэсліў неабходнасць яснай і адназначнай мовы як асновы сапраўднага дыялогу. Паводле яго слоў, выкарыстанне неадназначных фармулёвак у міжнародных дакументах вядзе не да супрацоўніцтва, а да культурнага і эканамічнага неакаланіялізму.

Іерарх заявіў, што крызіс мовы вынікае з больш глыбокага крызісу чалавечага розуму. Спасылаючыся на вучэнне Бэнэдыкта XVI, ён адзначыў, што адрыў законаў ад аб’ектыўнай праўды пра чалавека вядзе да скажэння самога разумення розуму, які замест інструменту пошуку праўды становіцца прыладай навязвання ідэалогій праз прававыя і эканамічныя механізмы.

“Калі Еўропа стварае законы, адарваныя ад праўды пра чалавека – калі аборты спрабуюць узвесці ў ранг фундаментальнага права, а сексуальную тоеснасць звесці да чыста суб’ектыўнага самавызначэння – сам розум скажаецца: з інструмента спазнання праўды ён становіцца інструментам улады, які сілай закона і грошай навязвае гэтыя перадумовы тым, хто іх не падзяляе”, - адзначыў іерарх.

Кардынал таксама раскрытыкаваў так званую ідэалагічную каланізацыю, якая, паводле яго слоў, выкарыстоўвае міжнароднае права і фінансавыя механізмы для распаўсюджвання спрэчных поглядаў. Ён звярнуў увагу на праблему дапамогі, якая ставіцца ў залежнасць ад прыняцця пэўных пазіцый у пытаннях гендарнай ідэалогіі і абортаў, спасылаючыся на даклад “Умоўная дапамога” арганізацыі “Pro Vita & Famiglia”, прадстаўлены падчас канферэнцыі.

Іерарх падкрэсліў неабходнасць павагі да рэлігійнай і культурнай спадчыны Афрыкі. Нагадваючы пра такія значныя постаці, як Тэртуліян, Кіпрыян Карфагенскі, Афанасій і Аўгустын Гіпонскі, ён сказаў: “Гісторыя Касцёла вучыць нас, што дар веры заўсёды быў узаемным, і што Афрыцы ёсць што аддаць у той жа ступені, у якой яна атрымала”.

Кардынал Сара таксама звярнуўся да вучэння святога Яна Паўла II пра прынцып субсідыярнасці, паводле якога вышэйшыя структуры павінны падтрымліваць, а не замяняць ніжэйшыя супольнасці. Ён адзначыў, што задача Еўрапейскага Саюза не заключаецца ў навязванні афрыканскім краінам уласных мадэляў у сферы сямейнага права, крымінальнага заканадаўства і адукацыі. Паводле іерарха, парушэнне гэтага прынцыпу вядзе не да сапраўднага супрацоўніцтва, а да ідэалагічнай цэнтралізацыі, якую сацыяльнае вучэнне Касцёла заўсёды асуджала.

Іерарх таксама нагадаў, што Афрыка справядліва чакае ад Захаду “не ідэалагічнага ўмяшання, а сапраўднай салідарнасці ў справе міру, справядлівасці і развіцця”.

“Гэта азначае адноўленае абавязацельства па спісанні даўгоў, абмен тэхналогіямі ў галіне аховы здароўя і сельскай гаспадаркі, а таксама падтрымку сеткі школ і медыцынскіх устаноў, якой Каталіцкі Касцёл кіруе на працягу стагоддзяў па ўсім кантыненце”, - сказаў ён.

На заканчэнне прамовы кардынал Сара заклікаў: “Слухайце Афрыку. Паважайце яе культурны суверэнітэт. Прапануйце свабоднае супрацоўніцтва, не абмежаванае ідэалагічнымі планамі. Будзьце гатовыя прыняць ад Афрыкі тое, што яна ўсё яшчэ можа прапанаваць стомленаму Захаду: сведчанне жывой веры і каштоўнасць сям’і, якія могуць дапамагчы Еўропе нанова адкрыць свой логас”.
 

16 ліпеня 2026, 09:39