Кардынал Рабэр Сара Кардынал Рабэр Сара 

Кардынал Рабэр Сара выступіць у Еўрапейскім парламенце

Кардынал Рабэр Сара выступіць у Еўрапарламенце ў Бруселі падчас канферэнцыі аб адносінах паміж Еўропай і Афрыкай. Сустрэча адбудзецца 15 ліпеня 2026 года па ініцыятыве дэпутатаў фракцыі “Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Канферэнцыя пад назвай “Europe and Africa. In conversation with Cardinal Robert Sarah” (Еўропа і Афрыка. У дыялогу з кардыналам Рабэрам Сара) будзе прысвечана тэмам хрысціянства, культуры, чалавечай годнасці і выклікам, якія стаяць перад Еўропай і Афрыкай.

Сустрэчу адкрыюць еўрадэпутаты Паола Інсэльвіні і Нікаля Бэй. У праграме таксама прадугледжаны выступленні віцэ-старшыні Еўрапейскага парламента Антанелы Збэрны і апостальскага нунцыя пры Еўрапейскім Саюзе арцыбіскупа Бернардзіта Ауса.

Галоўным пунктам канферэнцыі будзе даклад кардынала Рабэра Сара. Пасля яго запланаваны выступленні старшыні арганізацыі “Pro Vita & Famiglia” Антоніа Брандзі і прадстаўніка “SOS Chrétiens d’Orient” Шарля дэ Меера, а затым – сесія пытанняў і адказаў.

Кардынал Рабэр Сара, які паходзіць з Гвінеі, з’яўляецца прэфектам-эмерытам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Кардынальскую годнасць ён атрымаў з рук Папы Бэнэдыкта XVI у 2010 годзе. Пасля завяршэння служэння на чале ватыканскай дыкастэрыі ў 2021 годзе ён застаецца актыўным удзельнікам дэбатаў і канферэнцый, прысвечаных Касцёлу і грамадскаму жыццю.
 

14 ліпеня 2026, 11:25