Віцэ-старшыня Сусветнага банка Акі Нішыа падчас візіту ў штаб-кватэру СМІ Святога Пасада Віцэ-старшыня Сусветнага банка Акі Нішыа падчас візіту ў штаб-кватэру СМІ Святога Пасада  

Эксперт Сусветнага банка ў Ватыкане пра няроўнасць развіцця

Віцэ-старшыня Сусветнага банка Акі Нішыа папярэджвае пра нераўнамернасць глабальнага развіцця і заклікае краіны свету да далейшага інвеставання ў міжнародную салідарнасць.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Падчас свайго інтэрв'ю для СМІ Святога Пасада віцэ-старшыня па фінансаванні развіцця ў Сусветным банку Акі Нішыа засяродзіў увагу на сур'ёзных выкліках, з якімі сутыкаюцца самыя бедныя краіны.

Эксперт падкрэсліў, што прагрэс у свеце становіцца ўсё больш нераўнамерным, а камбінацыя наступстваў пандэміі COVID-19, скарачэння знешняй дапамогі, узброеных канфліктаў і кліматычных змен пакідае некаторыя рэгіёны далёка ззаду.

[ Наступствы глабальных крызісаў фарміруюць прастору, дзе спыняецца любы рух наперад. ]

Прадстаўнік фінансавай арганізацыі канстатаваў узнікненне своеасаблівай "зоны, вольнай ад развіцця". У той час як шмат якія краіны, што развіваюцца, дасягнулі поспехаў у адукацыі, ахове здароўя і занятасці, у іншых месцах рух наперад цалкам спыніўся. Асабліва пакутуюць нестабільныя дзяржавы, ахопленыя канфліктамі.

Менавіта таму Міжнародная асацыяцыя развіцця, структура Сусветнага банка, накіроўвае каля 40 працэнтаў сваіх рэсурсаў у такія рэгіёны. Паводле слоў Акі Нішыа, гэта не толькі гуманітарны абавязак, але і інтарэс усёй сусветнай супольнасці, бо "слабыя сістэмы аховы здароўя могуць спрыяць узнікненню новых пандэмій", якія пасля адаб'юцца на ўсім свеце.

Крытэрыем сапраўднага поспеху, на думку японца, павінны служыць не сухія эканамічныя паказчыкі, а рэальнае паляпшэнне ўмоў жыцця людзей.

Яшчэ адной вострай праблемай Нішыа назваў кліматычныя змены. Найбяднейшыя краіны, якія менш за ўсіх спрычыніліся да гэтага працэсу, пакутуюць ад яго наступстваў найбольш: засухі, паводкі і экстрэмальнае надвор'е разбураюць сродкі да існавання, паглыбляючы галечу.

Паралельна з гэтым расце занепакоенасць пазыковым крызісам. Эксперт правёў выразную мяжу паміж камерцыйнымі крэдытамі, якія ствараюць цяжар, і нізкапрацэнтнымі пазыкамі ці грантамі Міжнароднай асацыяцыі развіцця, якія дапамагаюць краінам падтрымліваць базавыя паслугі пры вельмі нізкіх выдатках.

Эфектыўнасць сумеснай працы пацвярджаецца гісторыяй: з моманту заснавання Асацыяцыі 33 краіны змаглі адмовіцца ад яе падтрымкі, а 25 з іх самі ператварыліся ў донараў. Яскравым прыкладам служыць Паўднёвая Карэя, якая калісьці была адной з найбяднейшых у свеце, а сёння з'яўляецца буйным донарам.

Эксперт Сусветнага банка заўважыў, што эфектыўная дапамога не стварае залежнасці, яна забяспечвае самадастатковасць. У кантэксце скарачэння бюджэтаў і міжнароднай напружанасці ключавым застаецца пытанне, ці гатовы сучасны свет надалей інвеставаць у салідарнасць.
 

01 чэрвеня 2026, 10:19