FIFA World Cup 2026 Previews

Тэолаг пра Чэмпіянат свету: футбол – свята ці камерцыя?

Сёння, 11 чэрвеня 2026 года, пачынаецца самы маштабны Чэмпіянат свету па футболе. З гэтай нагоды сацыяльны этык Томас Грэмсль крытыкуе гігантызм і камерцыялізацыю турніру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аўстрыйскі тэолаг і былы футбольны арбітр у інтэрв’ю парталу “katholisch.de” адзначае, што пашырэнне складу ўдзельнікаў сусветнага першынства да 48 каманд і павелічэнне колькасці матчаў да 104 абслугоўваюць пераважна эканамічныя інтарэсы.

Футбол становіцца інструментам для дасягнення бізнес-мэтаў і палітычных амбіцый, а радасць ад гульні адыходзіць на другі план.

Эксперт лічыць дзеянні сусветнага футбольнага кіраўніцтва шмат у чым непаслядоўнымі. З аднаго боку, FIFA заяўляе пра сваю поўную палітычную нейтральнасць. З іншага – ахвотна ідзе на збліжэнне з уплывовымі фігурамі дзеля камерцыйнай выгады. Тут Грэмсль згадаў таксама рашэнне аб правядзенні будучых чэмпіянатаў адразу на трох кантынентах і ў Саудаўскай Аравіі.

Разважаючы пра арганізацыю цяперашняга чэмпіянату, прафесар звяртае ўвагу на спадарожныя сацыяльныя выклікі. Дарагія квіткі і складаная лагістыка робяць свята менш даступным для людзей не багатых, а ўзвядзенне інфраструктуры часам шкодзіць мясцовым жыхарам. Напрыклад, у Мексіцы дзеля будаўніцтва стадыёна людзей пазбавілі доступу да пітной вады. Даследчык нагадвае, што такія базавыя правы не павінны прыносіцца ў ахвяру глабальным праектам.

Сёння ўнікальны спартыўны дух трэба не столькі захоўваць, колькі культываваць нанова, перакананы этык.

Футбол валодае велізарнай сілай аб'ядноўваць людзей з розных сацыяльных слаёў, і гэты патэнцыял нельга недаацэньваць. Нават невялікі асабісты ўнёсак – напрыклад, адказнае кіраўніцтва на ўзроўні аматарскага клуба – здольны паспрыяць агульнаму пераасэнсаванню.

Навуковец перакананы, што гульцы і балельшчыкі не павінны заставацца ў баку: спартсменам варта адкрыта выказвацца супраць хібоў у сістэме, а прыхільнікам – свядома спажываць кантэнт, весці дыялог і патрабаваць адказнасці ад кіраўніцтва.

Урэшце, нацыянальныя і кантынентальныя федэрацыі, як і прафесійныя каманды, абавязаны выконваць сваю задачу: фарміраваць футбольныя структуры менавіта ў рэчышчы сумленнай гульні. Галоўным жа арыенцірам павінна заставацца сама радасць ад спорту, якую нельга губляць з-пад увагі.
 

11 чэрвеня 2026, 11:21