Пошук

Падчас візіту Льва XIV на Канарскія астравы Падчас візіту Льва XIV на Канарскія астравы  (ANSA)

Іспанская прэса аналізуе візіт Папы на Канарскія астравы

Іспанскія каталіцкія і свецкія выданні шырока асвятляюць гістарычнае падарожжа Льва XIV, звяртаючы асаблівую ўвагу на яго заклікі да абароны мігрантаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Галоўныя іспанскія газеты ад 12 чэрвеня 2026 года звярнулі вялікую ўвагу на візіт Папы на Канарскія астравы, які адбыўся 11 чэрвеня 2026 года, хоць і засяродзіліся на адкрыцці Чэмпіянату свету па футболе ў Мексіцы.

Журналісты асабліва вылучылі словы Льва XIV аб міграцыі. Найбуйнейшая іспанская штодзённая газета "El País" вынесла ў загаловак фразу: "Папа востра крытыкуе Еўропу за стаўленне да мігрантаў". Гэтае левае выданне падрабязна апісвае паездку, прадстаўляючы Пантыфіка як маральнага абаронцу мігрантаў. Газета падкрэслівае, што ён працягвае сацыяльную праграму свайго папярэдніка Францішка і зноў вяртае Канарскія астравы ў цэнтр еўрапейскай увагі.

Кансерватыўная штодзённая газета "El Mundo" разважае пра магчымыя наступствы слоў Льва XIV для іспанскіх і агульнаеўрапейскіх дэбатаў па праблеме міграцыі. Іншае кансерватыўнае выданне, "ABC", зрабіла большы акцэнт на касцельных і інстытуцыйных аспектах, нагадваючы пра гістарычнае значэнне падзеі, бо гэта быў першы ў гісторыі візіт Папы na Канарскія астравы. "ABC" адзначае, што Леў XIV свядома выбраў гэтыя астравы для завяршэння сваёй паездкі. Гэты крок успрымаецца як даніна павагі дзесяцігоддзям працы касцельных дабрачынных арганізацый дзеля дапамогі мігрантам.

Каталонская газета "La Vanguardia" змяшчае гэты візіт у еўрапейскі кантэкст, называючы Канарскія астравы "афрыканскай брамай у Еўропу" і аналізуючы падарожжа як дыпламатычны месэдж для Бруселя. Паводле ацэнкі гэтага выдання, Папа выступае менш як галава Касцёла, а больш як міжнародны лідар, які імкнецца паўплываць на еўрапейскую дыскусію аб правах чалавека, прытулку і кантролі меж.

У рэдакцыйным артыкуле адзначаецца: "Як і належыць сапраўднаму місіянеру, Леў XIV прыбыў учора на Канарскія астравы і без страху мужна супрацьстаяў усім тым, хто не можа прадухіліць смерць шматлікіх мігрантаў у моры".

Напярэдадні ўступлення ў сілу Еўрапейскага пакта аб міграцыі і прытулку Папа скіраваў сімвалічнае пасланне кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў Еўрасаюза. Еўропа не можа заяўляць аб прыярытэце чалавечай годнасці і адначасова звыкацца з тым, што Міжземнае мора і Атлантычны акіян ператвараюцца ў могілкі.

Нягледзячы на розныя палітычныя погляды, вядучыя іспанскія выданні сыходзяцца ў адным: знаходжанне Льва XIV на Канарскіх астравах стала сапраўдным кульмінацыйным пунктам яго падарожжа. У той час як Мадрыд асацыяваўся з дзяржаўнымі візітамі, а Барселона – з пасвячэннем галоўнай вежы базілікі "Саграда Фамілія", менавіта Канарскія астравы вывелі на першы план цэнтральную тэму яго пантыфікату, якой з'яўляецца абарона годнасці чалавека.
 

13 чэрвеня 2026, 10:26