Пошук

Падчас візіту Льва XIV у Барселону Падчас візіту Льва XIV у Барселону  (AFP or licensors)

Візіт Папы ў Іспанію выклікаў рэзананс у СМІ

Сусветныя СМІ актыўна каментуюць візіт Льва XIV у Іспанію, звяртаючы асаблівую ўвагу на падзеі ў Каталоніі, дзе перапляліся архітэктурная веліч і грамадская дыскусія.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У чацвер, 11 чэрвеня 2026 года, увага міжнародных каментатараў была прыкавана да падзей у іспанскім рэгіёне Каталонія. Галоўнай тэмай сусветных публікацый стала ўрачыстая інаўгурацыя найвышэйшай у свеце касцельнай вежы – 172,5-метровай "Вежы Езуса Хрыста" у знакамітай базіліцы "Саграда Фамілія" ў Барселоне. Гэтая падзея, як адзначаюць медыя, выйшла далёка за межы звычайнага адкрыцця архітэктурнага аб'екта.

Іспанскае выданне "El País" падкрэсліла адназначнае пасланне супраць вайны, якое Святы Айцец абвясціў у гаміліі на Імшы ў "Саграда Фамілія". Пантыфік заўважыў, што "нельга верыць у Езуса і адначасова прапагандаваць вайну або забіваць невінаватых людзей".

Гэтая Эўхарыстыя адзначылася і важнай палітычнай падзеяй: паводле паведамлення грамадскага вяшчальніка "RTVE", прэм'ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс упершыню за час свайго мандата прыняў удзел у Імшы. У сваю чаргу, газета "ABC" вытлумачыла благаслаўленне манументальнай будоўлі як магутны "знак адзінства і гармоніі" для ўсёй краіны.

Глыбокія сэнсы архітэктурнай велічы і грамадская рэакцыя

Міжнародныя аналітыкі глядзяць на тое, што адбылося, больш разнастайна. Амерыканскае выданне "The New York Times" заўважае, што ў выніку гістарычных акалічнасцей Каталіцкі Касцёл для некаторых мясцовых жыхароў з'яўляецца не толькі благаслаўленнем, але і цяжарам. Тым не менш, завяршэнне будаўніцтва аб'екта прызнаецца трансцэндэнтным момантам.

Брытанскія медыя, у прыватнасці "The Daily Telegraph", палічылі рэзкія словы Папы на адрас падпальшчыкаў вайны непрыхаванай крытыкай агрэсіўнай знешняй палітыкі адміністрацыі Злучаных Штатаў.

Адкрытасць да вернікаў і балючыя пытанні мінулага

Наступным важным пунктам падарожжа стала хвалюючая сустрэча ў гістарычным кляштары Мансерат. Выданне "La Vanguardia" адзначыла ўчынак Папы, які выйшаў за межы пратакола, каб непасрэдна звярнуцца да 8 тысяч вернікаў і пахваліць Каталонію як прыклад паспяховай сацыяльнай інтэграцыі.

Італьянская газета "La Stampa" разглядае Апостальскі візіт Льва XIV у кантэксце глыбокага абнаўлення даверу да Касцёла. Выданне падкрэслівае, што, згодна з пазіцыяй Папы, скандалы, звязаныя з сексуальнымі злачынствамі, застаюцца "адкрытымі ранамі", якія патрабуюць бескампраміснай праўды, справядлівасці і адказнасці.
 

12 чэрвеня 2026, 09:48