У Пакістане ісламісты атакуюць каталіцкую школу для жанчын
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
13 чэрвеня 2026 года ў Вене аўстрыйская экуменічная арганізацыя "Хрысціяне ў патрэбе" (Christen in Not" – CiN) апублікавала справаздачу аб трывожнай сітуацыі ў Пакістане. Ісламісцкія групоўкі выкарыстоўваюць цяперашні блізкаўсходні канфлікт для распальвання варожасці і стварэння атмасферы страху. Мясцовых хрысціян часта беспадстаўна вінавацяць у вайне, якую яны самі рашуча асуджаюць. Гэта прыводзіць да гвалту супраць сацыяльных ініцыятыў.
Асаблівай рызыцы падвяргаецца праект законніцы Закіі Джамал у Лахоры, якая кіруе прафесійнай школай шыцця для бедных хрысціянак і мусульманак. Нядаўна ў будынак уварваліся зламыснікі, якія скралі швейныя машыны і пашкодзілі ўваходныя дзверы. Раней невядомыя ўжо патрабавалі закрыць установу, абвінавачваючы сястру Джамал у спробах звярнуць мусульманак у хрысціянства.
Сястра Закія Джамал належыць да манаскага ордэна Сёстраў Міласэрнасці Езуса і Марыі. Яна прызналася, што з прычыны агрэсіі і абраз у грамадскіх месцах вымушана часта адмаўляцца ад нашэння манаскага адзення. Тым не менш, законніца не губляе мужнасці і працягвае сваю місію. "У грамадстве, дзе пануе ісламскі экстрэмізм, усе жанчыны становяцца ахвярамі насілля, а прадстаўніцы меншасцей сутыкаюцца з несправядлівасцю на ўсіх узроўнях", - адзначыла яна.
Паводле інфармацыі арганізацыі, трывожныя сігналы паступаюць таксама ад яе партнёраў з Егіпта і Сірыі. Аўстрыйскі фонд, заснаваны ў 1980 годзе, актыўна абараняе рэлігійную свабоду ў Афрыцы, Азіі і на Блізкім Усходзе, а з 2024 года дзейнічае і ў Перу. Арганізацыя існуе выключна за кошт ахвяраванняў, а ў яе кіраўніцтва ўваходзяць прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, у тым ліку каталіцкі біскуп Санкт-Пёльтэна Алоіз Шварц.