Пасля 40-гадовага перапынку ў Осла прайшоў “Марш за жыццё”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падзея, арганізаваная рухам "Выбірай жыццё” (Velg Livet), прайшла 13 чэрвеня 2026 года на вуліцах Осла. Маніфестацыя стала сур'ёзным адказам на нядаўняе пашырэнне заканадаўства аб абортах і выклікала вялікую цікавасць сярод моладзі. Людзі неслі транспаранты з лозунгамі "Голас за тых, хто не мае голасу" і "Выберы жыццё", нагадваючы грамадству пра права кожнага дзіцяці на жыццё.
Арганізатары адзначылі, што масавая прысутнасць маладых нарвежцаў сведчыць аб тым, што дыскусія вакол аховы жыцця ў краіне далёка не завершана. Яны падкрэслілі важнасць хрысціянскага сведчання і супольнай малітвы як трывалага падмурка для сацыяльных змен.
Экуменічнае адзінства дзеля супольнай мэты
Адной з найбольш заўважных асаблівасцей акцыі стала супольнае супрацоўніцтва хрысціян розных канфесій. Католікі, лютэране, пяцідзясятнікі і вызнаўцы евангелічных супольнасцей разам прынялі ўдзел у падзеі, якую многія палічылі пачаткам новага этапу грамадскага і рэлігійнага служэння ў краіне.
Біскуп Осла Фрэдрык Хансэн ахарактарызаваў гэты марш як выразны знак росту цікавасці да абароны жыцця і рэлігійнага абнаўлення ў Нарвегіі. Каталіцкі пастыр выказаў надзею на тое, што Марш ператворыцца ў штогадовую ініцыятыву, якая будзе аб'ядноўваць розныя групы абаронцаў жыцця.
Падчас прамоў перад будынкам парламента ўдзельнікі падкрэслівалі неабходнасць больш шырокай дыскусіі наконт каштоўнасці кожнага чалавечага існавання. Паводле меркавання арганізатараў і часткі маладых палітыкаў, пытанне аб маральным статусе ненароджаных дзяцей патрабуе сур'ёзнага асэнсавання. Гэтая тэма – адзін з найбольш значных выклікаў для сучасных публічных дэбатаў у краіне.