Пошук

Унутры "Саграда Фамілія" ў Барселоне Унутры "Саграда Фамілія" ў Барселоне 

Канструктар "Lego" ушануе Гаўдзі і "Саграда Фамілія"

Да стогадовай гадавіны смерці Антоніа Гаўдзі кампанія "Lego" выпусціць найбуйнейшы ў гісторыі набор, які адлюструе будаўніцтва базілікі "Саграда Фамілія" ў Барселоне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кампанія "Lego" далучылася да святкавання векавой гадавіны з дня смерці выбітнага архітэктара Антоніа Гаўдзі. Як паведамілі ў дацкім Білуне, вытворца рыхтуе да выпуску найбуйнейшы будаўнічы набор у сваёй гісторыі.

Гэты праект закліканы наглядна праілюстраваць паступовае развіццё базілікі "Саграда Фамілія" і адлюстраваць розныя фазы яе шматгадовага ўзвядзення.

Маштабная ініцыятыва супадае са знакавай падзеяй у самой каталіцкай святыні. У сераду, 10 чэрвеня 2026 года, Папа Леў XIV афіцыйна пасвяціць цэнтральную вежу Езуса Хрыста. З агульнай вышынёй 172,5 метраў, уключаючы 17-метровы даступны для наведвальнікаў крыж на вяршыні, гэтая структура стала самай высокай касцельнай вежай у свеце. Яна апярэдзіла 162-метровую вежу сабора ў нямецкім Ульме, якая ўтрымлівала першынство на працягу 135 гадоў.

Гэтая гістарычная ўрачыстасць адбудзецца падчас тыднёвага візіту Святога Айца ў Іспанію, які распачаўся ў суботу, 6 чэрвеня 2026 года.

Гіганцкая мадэль ад "Lego" будзе складацца з 12 060 элементаў, а яе вышыня ў сабраным выглядзе складзе 62 сантыметры. Асаблівую ўвагу дызайнеры надалі імітацыі сапраўдных вокнаў храма: дзякуючы празрыстым дэталям атрымалася перадаць непаўторную гульню святла.

"Нашай мэтай было з найглыбейшай пашанай паставіцца да падыходу Гаўдзі, улавіць рытм яго будынка, яго надзвычайную складанасць і амбіцыйнасць", - адзначыў Рок Згалін, дызайнер архітэктурнай серыі канструктараў.

Рэкордны набор з'явіцца ў інтэрнэт-продажы 1 лістапада 2026 года па кошце прыкладна 750 еўра. Час зборкі канструктара ацэньваецца ад 25 да 35 гадзін.
 

09 чэрвеня 2026, 09:40