Святы Пасад у Жэневе выступіў за раззбраенне штучнага інтэлекту
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
12 чэрвеня 2026 года ў Жэневе распачаўся міжрэлігійны дыялог, арганізаваны Інстытутам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па даследаванні праблем раззбраення. Пастаянны назіральнік Святога Пасада, арцыбіскуп Этарэ Балестрэра павіншаваў удзельнікаў і дырэктара інстытута Робіна Гейса з гэтай своечасовай ініцыятывай.
Святы Пасад працяглы час прымае актыўны ўдзел у захаванні гуманнага падыходу ў кантэксце міжнародных пагадненняў па раззбраенні. Арцыбіскуп Балестрэра выказаў сур'ёзную занепакоенасць наконт выкарыстання штучнага інтэлекту ў якасці зброі. Ён працытаваў словы Пантыфіка, які лічыць, што новыя тэхналогіі патрабуюць "раззбраення" і вызвалення ад логікі панавання, выключэння і смерці. Святы Пасад настойвае на тым, каб гэтыя сістэмы паважалі святасць жыцця і дадзеную Богам кожнаму чалавеку годнасць.
Прадстаўнік Касцёла папярэдзіў, што аддзяленне тэхналогій ад адказнасці зробіць рашэнні аб жыцці і смерці безасабовымі і паскоранымі. Пры такім падыходзе прымяненне сілы можа стаць непасрэдным выбарам, які пазбаўляе людзей адказнасці. Эфектыўнасць і ўлада не павінны станавіцца галоўнымі крытэрыямі тэхнакратычнай парадыгмы, у якую пагружаецца чалавецтва.
Рэлігійныя супольнасці пакліканы дзейнічаць так, каб любоў да Бога і бліжняга перамагала эгаізм тых, хто бачыць у тэхналогіях толькі сродак уплыву. Арцыбіскуп падкрэсліў, што мір паходзіць ад Бога, а веліч чалавецтва заключаецца ў яго прыналежнасці да Створцы.
Нельга стамляцца маліцца і працаваць, каб культура павагі да чалавечай годнасці замацавалася і ў сферы штучнага інтэлекту. Гэтыя веды павінны стаць інструментам на службе Божага Валадарства, паважаючы пры гэтым свецкі характар грамадзянскага жыцця, - падкрэсліў арцыбіскуп Балестрэра ў рамках ААН-аўскай сустрэчы.