FILES-UN-DIPLOMACY-LEADERSHIP

Прадстаўнік Святога Пасада ў Нью-Ёрку ацаніў рызыкі тэхналогій

19 чэрвеня 2026 года ў Нью-Ёрку прадстаўнік Святога Пасада мансеньёр Марка Фарміка выступіў на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі па пытаннях штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас інтэрактыўнага дыялогу дэлегацыя Святога Пасада прывітала сустаршыняў Міжнароднай незалежнай навуковай групы па штучным інтэлекце. Было падкрэслена, што Касцёл з вялікай увагай сочыць за развіццём найноўшых лічбавых сістэм.

У сваёй энцыкліцы "Magnifica humanitas" Леў XIV адзначыў, што новыя тэхналогіі пакуль не з’яўляюцца цалкам прадказальнымі і гэта ўскладняе ацэнку іх патэнцыяльнага ўздзеяння і доўгатэрміновых наступстваў, якія яны могуць мець як на годнасць асобных людзей, так і на агульнае дабро.

Менавіта таму Святы Пасад цалкам падтрымлівае місію Навуковай групы па падрыхтоўцы аб’ектыўных ацэнак і аналізе рызык. Першы штогадовы даклад гэтай структуры будзе прадстаўлены ўжо праз месяц на Сусветным дыялогу па кіраванні штучным інтэлектам у Жэневе.

Святы Пасад перакананы, што строгі аналіз магчымасцей і небяспек штучнага інтэлекту трэба разглядаць як акт высокай адказнасці. Сёння відавочны глыбокі разрыў паміж імклівым тэхналагічным прагрэсам і павольным стварэннем міжнародных нормаў або ахоўных механізмаў.

Прадстаўнік місіі нагадаў, што тэхналагічныя сістэмы ніколі не бываюць нейтральнымі. Яны заўсёды адлюстроўваюць канкрэтныя прыярытэты і выбар тых, хто іх праектуе, фінансуе і рэгулюе.

Этычныя меркаванні павінны вызначаць тэхнічныя параметры з самага пачатку, а не пасля завяршэння працы. Этычнае распазнанне, як заўважыў Папа Леў XIV, не можа абмяжоўвацца выключна пытаннямі добрага ці дрэннага выкарыстання сістэмы. Яно павінна даследаваць саму яе структуру і тую канцэпцыю бачанне чалавека, якая закладзена ў мадэлях.

Дыпламат заявіў, што Святы Пасад гатовы далей удзельнічаць у міжнародных намаганнях, каб штучны інтэлект заўсёды абараняў годнасць асобы і наканаванае Богам пакліканне чалавека.
 

20 чэрвеня 2026, 10:54