Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад на Канферэнцыі працы: тэхналогіі на службе людзям

На Канферэнцыі працы ў Жэневе дэлегацыя Святога Пасада заклікала паставіць штучны інтэлект на службу чалавеку і даць этычныя гарантыі для абароны годнасці рабочых ва ўсім свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

5 чэрвеня 2026 года ў Жэневе падчас 114-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый арцыбіскуп Этарэ Балестрэра прадставіў пазіцыю Касцёла адносна выклікаў лічбавай рэвалюцыі.

Іерарх нагадаў, што менавіта цяпер, калі чалавецтва апынулася на раздарожжы перад тварам каласальнага патэнцыялу штучнага інтэлекту, Леў XIV абвясціў сваю першую энцыкліку "Magnifica humanitas", прысвечаную абароне чалавека ў эпоху новых тэхналогій.

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што сучасны рынак працы перажывае эпахальныя змены. Паводле яго слоў, штучны інтэлект заўсёды павінен функцыянаваць "як інструмент на карысць чалавека, а не для яго прыніжэння ці замены". У сітуацыі новых форм дэгуманізаванага рабства неабходна няўхільна адстойваць правы асобы, а этычныя гарантыі трэба закладваць яшчэ на ранняй стадыі распрацоўкі мадэлей і старанна правяраць іх перад адкрытым доступам.

Пяць прыярытэтаў для чалавекацэнтрычнага падыходу

Для рэалізацыі гэтага падыходу арцыбіскуп Балестрэра вылучыў пяць асноўных кірункаў. Найперш, перавагі ад выкарыстання штучнага інтэлекту павінны размяркоўвацца справядліва, каб пераадолець лічбавы разрыў у інфраструктуры і ведах. Акрамя таго, этычныя прынцыпы сістэм не могуць абапірацца толькі на прадукцыйнасць і зніжэнне выдаткаў, а павінны адпавядаць стандартам сацыяльнай справядлівасці.

"Інакш тыя, хто кантралюе штучны інтэлект, навяжуць уласнае маральнае бачанне, якое стане нябачнай інфраструктурай гэтых сістэм", - папярэдзіў іерарх, звяртаючы ўвагу на небяспеку канцэнтрацыі ўлады ў руках нешматлікіх суб'ектаў.

Тэхналагічны прагрэс, як адзначыў дыпламат, павінен суправаджацца трывалай абаронай правоў работнікаў, забеспячэннем дастатковай аплаты і магчымасці ўдзелу ў жыцці грамадства. Недапушчальна, каб людзі былі вымушаныя падладжвацца пад хуткасць машын.

Асобную ўвагу іерарх заклікаў звярнуць на лёс найбольш безабаронных катэгорый. Гаворка ідзе пра больш як 150 мільёнаў чалавек па ўсім свеце, якія працуюць у сферы лічбавай апрацоўкі, руціннага сартавання і разметкі даных, застаючыся практычна нябачнымі і неабароненымі на новых платформах.

На заканчэнне выступу прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што сучаснасць ускладае на грамадства сур'ёзную адказнасць за тое, каб будучыня працы служыла чалавеку, а не наадварот.

Спасылаючыся на заклік Льва XIV, іерарх выказаўся за каардынаванае мясцовае і глабальнае кіраванне штучным інтэлектам, заснаванае на прызнанні прыроджанай годнасці і фундаментальных свабод асобы. Такое рэгуляванне павінна фарміравацца праз сапраўдны грамадскі дыялог, а Міжнародная арганізацыя працы з яе унікальнай трохбаковай структурай здольная адыграць у гэтым працэсе вырашальную ролю.
 

05 чэрвеня 2026, 12:39