Удзельнікі акцыі пратэсту ў Францыі выступаюць супраць еўтаназіі і патрабуюць лепшага медыцынскага догляду Удзельнікі акцыі пратэсту ў Францыі выступаюць супраць еўтаназіі і патрабуюць лепшага медыцынскага догляду  (AFP or licensors)

Біскупы Францыі просяць аб малітве на фоне дэбатаў аб эўтаназіі

Французскія біскупы заклікаюць вернікаў да малітвы за людзей, якія паміраюць у пакутах, пакуль парламент краіны зноў разглядае рэзанансны законапраект аб легалізацыі эўтаназіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У панядзелак, 22 чэрвеня 2026 года, дэпутаты Нацыянальнага сходу Францыі пачалі трэцяе чытанне праекта закона аб "канцы жыцця". Калі не адбудзецца неспадзяваных змен, ніжняя палата павінна зноў адобрыць дакумент, які забяспечыць "права на дапамогу ў паміранні".

Канчатковае прыняцце запланавана на 15 ліпеня 2026 года. Урад пацвердзіў, што пасля разгляду ў абедзвюх палатах апошняе слова застанецца за Нацыянальным сходам. Гэтая ініцыятыва з'яўляецца галоўным абяцаннем другога пяцігадовага тэрміну прэзідэнта Эмануэля Макрона.

Дакумент ужо быў прыняты значнай большасцю галасоў у Нацыянальным сходзе – ніжняй палаце парламента Францыі – ў маі 2025 года, калі яго падтрымалі 305 дэпутатаў, а 199 выступілі супраць. Тая ж сітуацыя паўтарылася ў лютым 2026 года, прынёсшы 299 галасоў за і 226 супраць. У сваю чаргу Сенат пасля бурных дэбатаў двойчы адхіляў гэтую заканадаўчую ініцыятыву. Вельмі верагодна, што верхняя палата парламента зробіць гэта і ў трэці раз, калі тэкст вернецца туды на разгляд з 7 ліпеня 2026 года.

Французскія біскупы выступілі з рэзкай крытыкай гэтага заканадаўчага кроку. На думку іерархаў, праект дэманструе відавочную "адсутнасць маральнай абачлівасці". Яны таксама заяўляюць пра "адсутнасць павагі да дэмакратыі". Гэта адбываецца на фоне відавочнай адсутнасці палітычнага і грамадскага кансэнсусу вакол праблемы. Менавіта таму Касцёл заклікае вернікаў да асаблівай малітвы за людзей, якія праходзяць праз цяжкі перыяд балючага заканчэння жыцця.
 

22 чэрвеня 2026, 11:24