Касцёл у Злучаных Штатах рыхтуецца да Кубка свету ФІФА
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Найбуйнейшы ў гісторыі ФІФА турнір, які сумесна прымуць Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада і Мексіка, аб’яднае 48 каманд і будзе налічваць 104 матчы. Спаборніцтвы пачнуцца 11 чэрвеня 2026 года, а фінал адбудзецца 19 ліпеня 2026 года на стадыёне "MetLife" ва Усходнім Рутэрфардзе, штат Нью-Джэрсі.
Як паведамляе “OSV News”, у адзінаццаці амерыканскіх гарадах-гаспадарах каталіцкія душпастырскія цэнтры загадзя распрацоўваюць праграму прыёму шматлікіх гасцей, каб спалучыць спартыўнае свята з парафіяльным жыццём і сведчаннем веры.
У Канзас-Сіці сумеснымі намаганнямі дзвюх дыяцэзій створаны праект "OneKC Catholic", мэта якога – евангелізацыя і дабрачыннасць. Арганізатары адзначаюць: "Незалежна ад таго, наведваеце вы нас, праязджаеце міма ці збіраецеся зрабіць рэгіён Канзас-Сіці сваім домам, нашы каталіцкія парафіі гатовы вас сустрэць". У Атланце архідыяцэзія спалучае сустрэчу прыхільнікаў футбола з клопатам аб грамадскай бяспецы і супрацьдзеяннем гандлю людзьмі.
Ад узбярэжжа да ўзбярэжжа: адзіны дух у розных гарадах
Мясцовыя душпастырскія ініцыятывы ахопліваюць усю тэрыторыю краіны. У Х’юстане архідыяцэзія стварыла адмысловую інтэрнэт-старонку з раскладам набажэнстваў і споведзі для замежнікаў. Каталіцкае душпастырства Сіэтла засяродзіла ўвагу на апецы над мігрантамі і супольнай малітве за мір ва ўсім свеце. У рэгіёне Сан-Францыска важным цэнтрам сустрэч стане Місія святой Клары, а ў Маямі асаблівы акцэнт робіцца на шматмоўным доступе да сакрамэнтаў.
У Даласе каталіцкія сеткі і ўніверсітэт рыхтуюць валанцёраў для суправаджэння футбалістаў. Філадэльфія сустрэне Кубак свету ў адметным кантэксце, бо матчы супадуць з святкаваннем 250-годдзя Злучаных Штатаў Амерыкі 4 ліпеня 2026 года. Супольнасці Бостана і Лос-Анджэлеса, дзе пройдуць гульні з удзелам зборнай Злучаных Штатаў, таксама рыхтуюць шырокую праграму шматмоўнага душпастырства і прыёму шматлікіх фанатаў.
Сустрэча культур як адлюстраванне каталіцкасці
Гэтыя разнастайныя намаганні грунтуюцца на глыбокім разуменні ўніверсальнасці Касцёла, бо слова "каталіцкі" азначае "сусветны". Гэты сэнс выразна адлюстроўвае дэвіз Папы Льва XIV "In Illo uno unum" (У Ім адзіным мы адзіныя), натхнёны словамі святога Аўгустына.
Словамі старажытнага Айца Касцёла пра тое, што, хоць хрысціян шмат, у адзіным Хрысце ўсе яны складаюць адно цэлае, кіруюцца сёння і амерыканскія дыяцэзіі. Яны імкнуцца, каб кожны, хто прыедзе на Кубак свету адчуў сябе прынятым, а маштабны сусветны турнір ператварыўся ў благаслаўлёную прастору шчырай сустрэчы і сапраўднай Божай ласкі.