Пошук

Кардынал П'ербатыста Піцабала Кардынал П'ербатыста Піцабала  

Іерусалімскі Патрыярх заявіў пра пагрозы для вернікаў

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П'ербатыста Піцабала выказаў сур'ёзную занепакоенасць пагаршэннем становішча і ростам колькасці нападаў на хрысціян у Ізраілі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю нямецкаму часопісу "Der Spiegel" іерарх адзначыў, што сітуацыя значна пагоршылася, а выпадкі абраз і зняважлівых учынкаў у бок вернікаў сталі адбывацца значна часцей.

Асаблівую трывогу ў Патрыярха выклікаюць бліжэйшыя парламенцкія выбары, пасля якіх становішча можа стаць вельмі непрыемным для хрысціян, напрыклад, у яўрэйскім квартале Старога горада або на гары Сіён.

Трывожным сігналам стаў выпадак у канцы красавіка, калі ў Іерусаліме мужчына збіў 48-гадовую манахіню з Францыі. Хоць паліцыя апублікавала відэазапіс нападзення, судовае пасяджэнне адклалі да ліпеня. Паводле слоў кардынала, гэтаму паспрыяла міжнароднае абурэнне, аднак ён сумняваецца, што выбары дазволяць змяніць сітуацыю да лепшага.

Разрыў паміж афіцыйнай палітыкай і штодзённай рэальнасцю вернікаў

Каментуючы адносіны з ізраільскім урадам, у склад якога ўваходзяць таксама прадстаўнікі праварадыкальных колаў, Піцабала заўважыў выразную розніцу ў стаўленні да розных супольнасцей. Пасля апошніх інцыдэнтаў урад прызначыў спецыяльнага пасланніка ў Міністэрстве замежных спраў – дыпламата, які раней працаваў пры Ватыкане.

Разам з тым, стаўленне хрысціян у свеце да Ізраіля пастаянна пагаршаецца ў выніку супярэчлівых выказванняў некаторых ізраільскіх міністраў, якія, напрыклад, выступаюць за смяротнае пакаранне для палесцінцаў. Сусветная супольнасць занепакоена гэтым канфліктам, і Патрыярх прызнаецца: "Яны пытаюцца ў нас, як з гэтым спраўляцца. Часам я не ведаю, што сказаць".

Адказваючы на пытанне аб будучыні, кіраўнік Касцёла ў Іерусаліме прызнаў, што не бачыць хуткага вырашэння праблемы. "Зараз я не магу разлічваць ні на палітычныя, ні на рэлігійныя інстытуты", - адзначыў іерарх.

Тым не менш, крыніцай надзеі застаецца высокая актыўнасць людзей на мясцовым узроўні. У якасці прыкладу кардынал узгадаў нядаўнюю мірную канферэнцыю ў Тэль-Авіве, якая аб'яднала тысячы неабыякавых грамадзян. "Там былі тысячы людзей, якія хочуць нешта зрабіць. Гэта дае мне надзею", - падсумаваў кардынал Піцабала.
 

13 чэрвеня 2026, 12:36