Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папскія медыкі далі парады па ахове здароўя падлеткаў улетку

Рымская каталіцкая дзіцячая бальніца папярэджвае пра павелічэнне рызыкі эмацыянальнага дыскамфорту ў падлеткаў пасля заканчэння школы і парушэння іх звыклага рытму жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

9 чэрвеня 2026 года спецыялісты рымскай педыятрычнай бальніцы "Bambino Gesù" (Дзіцятка Езуса) распаўсюдзілі паведамленне, у якім адзначылі, што з надыходам лета жыццё многіх падлеткаў кардынальна змяняецца.

Заканчэнне школьных заняткаў пазбаўляе маладых людзей звыклага дзённага рытму і важных арыенціраў. Гэта прыводзіць да парушэння рэжыму сну, павелічэння часу ў інтэрнэце, змяншэння прамых сацыяльных кантактаў і надмернай увагі да ідэалізаваных вобразаў у сацыяльных сетках. Спалучэнне такіх фактараў, як сцвярджаюць рымскія медыкі, спрыяе з’яўленню або абвастрэнню псіхалагічнай уразлівасці, асабліва сярод найбольш безабаронных падлеткаў.

Канікулы часта асацыююцца з адпачынкам, але для некаторых маладых людзей яны становяцца перыядам выпрабаванняў.

"Лета часта звязваюць з дабрабытам і лёгкасцю, аднак для некаторых падлеткаў яно з’яўляецца неадназначным часам, - тлумачыць кіраўнік аддзялення псіхалогіі бальніцы Дэні Менгіні. - Закрыццё школ перарывае штодзённыя звычкі і стасункі, якія для многіх дзяцей выконваюць ахоўную функцыю. Адначасова расце прысутнасць у сацыяльных сетках, якімі часта спрабуюць запоўніць нуду дзён, менш напоўненыя абавязкамі, а таксама ўздзеянне нерэалістычных эстэтычных мадэлей, што можа мець негатыўныя наступствы для самаацэнкі і стаўлення да ўласнага цела".

Міжнародныя даследаванні сведчаць, што ў летнія месяцы падлеткі праводзяць у інтэрнэце ў сярэднім на 45-55 хвілін больш, чым падчас навучальнага года. У Італіі 30 працэнтаў юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў знаходзяцца ў сетцы больш за 4 гадзіны штодня. Гэта спараджае так званы "сацыяльны джэтлаг" – значнае парушэнне сну, пры якім час засынання і абуджэнне ссоўваюцца на некалькі гадзін наперад, што закранае да 70-80 працэнтаў падлеткаў.

Разам з тым расце незадаволенасць уласным выглядам, якая назіраецца ў 3 з 10 італьянскіх падлеткаў, а выявы ў інтэрнэце, паводле даных брытанскага Фонду псіхічнага здароўя, пагаршаюць самаўспрыманне ў 40 працэнтаў школьнай моладзі.

У самой бальніцы "Bambino Gesù" за пяць гадоў колькасць дыягназаў парушэння харчавання вырасла больш чым на 60 працэнтаў, асабліва сярод дзяцей да 10 гадоў і ў катэгорыі ад 11 да 13 гадоў, дзе рост склаў 50 працэнтаў.

Каб своечасова заўважыць небяспеку, бацькам варта быць уважлівымі да найменшых змен у паводзінах дзяцей.

Для дапамогі сем’ям рымскія эксперты вылучылі дзесяць правілаў збалансаванага лета. Медыкі заклікаюць бацькоў захоўваць рэгулярны графік сну нават падчас вакацый, абмяжоўваць выкарыстанне смартфонаў і відэагульняў у вячэрні час, а таксама пазбягаць лічбавых прылад падчас прыёму ежы. Важна заахвочваць спартыўныя заняткі і баўленне часу на свежым паветры, звяртаць увагу на раптоўныя змены ў харчаванні і не абясцэньваць негатыўныя выказванні падлеткаў пра сваё цела.

Спецыялісты раяць сачыць за праявамі сацыяльнай ізаляцыі, падтрымліваць зносіны па-за сеткай, размаўляць з дзецьмі без асуджэння і пакаранняў, а пры трывалых прыкметах эмацыянальнага дыскамфорту неадкладна звяртацца па кваліфікаваную дапамогу.
 

09 чэрвеня 2026, 12:41