Пошук

2026.01.22 Persecuzioni cristiani

Новая справаздача: 388 мільёнаў хрысціян пад прыгнётам

На пачатку 2026 года каля 388 мільёнаў хрысціян ва ўсім свеце сутыкнуліся з пераследам і дыскрымінацыяй. Пра гэта сведчыць новая справаздача Федэральнай канцылярыі Аўстрыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Бюро па справах міжнароднай аховы пераследаваных рэлігійных меншасцей пры Федэральнай канцылярыі Аўстрыі апублікавала вынікі назіранняў за першы квартал 2026 года. Кіраўнік ведамства Даніэль Соўдэк адзначыў, што мэта дакумента – павысіць дасведчанасць супольнасці, даць экспертны аналіз і заахвоціць да абароны вернікаў.

Даследаванне падрабязна апісвае становішча ў асобных краінах Азіі і Блізкага Усходу, дзе сітуацыя застаецца вельмі напружанай. Паводле аўтараў, хрысціяне і іншыя меншасці сутыкаюцца не толькі з прамым насіллем, але і са структурнай дыскрымінацыяй.

Блізкі Усход паступова губляе свае старажытныя хрысціянскія супольнасці

У Сірыі і Іраку колькасць вызнаўцаў Хрыста драматычна знізілася, напрыклад, у Сірыі – з паўтара мільёна да ўсяго трохсот тысяч чалавек. У Іраку мясцовым жыхарам пагражаюць тэрарыстычныя групоўкі і розныя баевікі, "што паглыбляе няпэўнасць і зыход". У Іране вернікі, якія прынялі хрысціянства, сістэматычна пакутуюць ад жорсткіх рэпрэсій, бо тамтэйшы "тэакратычна-аўтарытарны рэжым" цалкам крыміналізуе змену рэлігіі. Красавіцкае абвастрэнне канфлікту з Іранам у 2026 годзе яшчэ больш дэстабілізавала рэгіён і прывяло да часовых абмежаванняў доступу да храмаў у Іерусаліме.

Геаграфія прыгнёту ахоплівае і іншыя краіны Азіі, у прыватнасці М’янму і Індыю. У М’янме з 2021 года трывае жорсткая грамадзянская вайна, дзе ваенныя ўлады адыгрываюць ключавую ролю ў рэпрэсіях супраць вернікаў. У Індыі расце ўплыў радыкальнага нацыяналізму, у выніку чаго хрысціяне часта сутыкаюцца з грамадскім насіллем і застаюцца без належнай абароны дзяржавы.

Сучасныя лічбавыя тэхналогіі ператвараюцца ў прыладу для татальнага кантролю над вернікамі

Эксперты падкрэсліваюць, што з 2020 года формы ціску сталі больш складанымі: сучасныя лічбавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца для татальнага сачэння, а сацыяльныя сеткі спрыяюць распаўсюджванню нянавісці. Рэлігія ўсё часцей звязваецца з нацыянальнай ідэнтычнасцю, у выніку меншасці пачынаюць успрымацца як небяспечныя чужынцы.

Аўстрыйскае спецыялізаванае бюро, створанае ў 2024 годзе, каардынуе дапамогу пацярпелым ва ўсім свеце. Аўтары даследавання рэзюмуюць, што паўсюль відавочная аднолькавая трывожная мадэль: "рост кантролю, нарастанне сацыяльнай напружанасці і недастатковая ахова".

Раней асноўнай пагрозай былі тэрарыстычныя арганізацыі, такія як "Ісламская дзяржава", а цяпер на першы план таксама выходзяць дзяржаўны ціск, эканамічныя крызісы і штодзённы здзек. Масавы вымушаны ад’езд хрысціян з рэгіёна толькі пагаршае сітуацыю, паколькі невялікія групы становяцца яшчэ больш безабароннымі.
 

23 чэрвеня 2026, 12:28