У Аўстрыі біскупы патрабуюць канстытуцыйнай забароны эўтаназіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Аўстрыйскі епіскапат апублікаваў сямістаронкавую заяву. У ёй іерархі выступілі супраць "усіх форм некаральнай дапамогі ў самагубстве". Гэты крок звязаны з абмеркаваннем новых правіл, якія дазваляюць спыняць жыццё пры дапамозе трэціх асоб.
Біскупы падкрэслілі, што чалавечае жыццё "заслугоўвае неабмежаванай аховы, таксама і ў крымінальным праве, аж да натуральнай смерці". Яны нагадалі, што яшчэ падчас прыняцця адпаведнага закона ў 2021 годзе папярэджвалі пра небяспечныя наступствы рашэння Канстытуцыйнага суда.
На думку каталіцкіх пастыраў, грамадскае пагадненне, паводле якога чалавечае жыццё лічылася недатыкальнай каштоўнасцю, зараз знішчана. У дакуменце адзначаецца, што самагубства з дапамогай іншых асоб усё часцей прадстаўляецца як дапушчальны і этычна нейтральны адказ на пакуты ці безнадзейнасць. Аднак годнасць чалавека і каштоўнасць яго існавання не могуць залежаць ад стану здароўя ці суб'ектыўнай ацэнкі якасці жыцця. Менавіта таму асобы, якія знаходзяцца ў стане асаблівай бездапаможнасці, патрабуюць узмоцненай аховы.
Аўстрыйскія біскупы таксама папярэдзілі пра небяспеку паступовага пашырэння дапушчальнасці эўтаназіі. Яны спасылаюцца на досвед іншых краін, дзе легалізацыя забойства па патрабаванні з часам ахапіла непаўналетніх і асоб з псіхічнымі хваробамі.
З гэтай прычыны іерархі заклікалі заканадаўцаў замацаваць у Канстытуцыі поўную забарону на пазбаўленне жыцця па жаданні. Яны настойваюць на недапушчальнасці дапамогі ў самагубстве для непаўналетніх. Пазіцыя Касцёла застаецца цвёрдай і скіраванай на поўную абарону кожнага чалавека.