Удзельнікі акцыі пратэсту супраць нелегальнай міграцыі маршыруюць па вуліцах раёна Ёвіл у Яганэсбургу Удзельнікі акцыі пратэсту супраць нелегальнай міграцыі маршыруюць па вуліцах раёна Ёвіл у Яганэсбургу  (AFP or licensors)

Кошт чалавечай годнасці: біскупы Афрыкі супраць ксенафобіі

Біскупы Афрыкі патрабуюць ад урада ПАР спыніць гвалт у дачыненні да мігрантаў, нагадваючы, што ксенафобія разбурае асновы хрысціянскага братэрства і афрыканскага адзінства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Трагічныя падзеі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе хваля агрэсіі супраць замежнікаў прывяла да чалавечых ахвяр і шматлікіх траўм, выклікалі моцны боль у сэрцы каталіцкай супольнасці кантынента.

Кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу, які ўзначальвае Сімпозіум Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM), выступіў з рэзкім асуджэннем гвалту, назваўшы яго непрымальным і чужым для афрыканскай душы. Паводле паведамлення "OSV News", узброеныя групы пачалі масавыя вулічныя шэсці, спрабуючы сілай выправадзіць мігрантаў з краіны.

Напад на замежніка – гэта не толькі злачынства супраць асобы, але і поўнае адмаўленне прынцыпаў усеагульнага братэрства.

Крызіс, справакаваны эканамічнымі складанасцямі і высокім узроўнем беспрацоўя, ахапіў найбуйнейшыя гарады краіны. У Прэторыі, Яганэсбургу і Кейптаўне радыкальна настроеныя групоўкі незаконна ўскладаюць на сябе функцыі праваахоўных органаў: яны спыняюць людзей на вуліцах і патрабуюць дакументы. Маёмасць тых, каго лічаць чужынцамі, рабуюць і знішчаюць. Мясцовая прэса пацвярджае гібель грамадзян Эфіопіі і Нігерыі, што ператварыла ўнутраны канфлікт у міжнародную трагедыю.

Кардынал Амбонга выказаў глыбокую салідарнасць з біскупамі Паўднёвай Афрыкі, якія паслядоўна абараняюць годнасць прыніжаных мігрантаў. Ён нагадаў пра сутнасць старажытнай філасофіі Убунту, якая вучыць, што чалавек існуе толькі праз іншых людзей. Гэтыя прынцыпы салідарнасці сугучныя з заклікамі Папы Льва XIV да будавання свету без меж і нянавісці.

Будучыня кантынента залежыць ад здольнасці бачыць у незнаёмцы не пагрозу, а брата, за якога мы нясём адказнасць.

У сваім звароце SECAM таксама апелюе да Афрыканскага саюза з просьбай стаць сапраўдным вартаўніком правоў чалавека на кантыненце. Каталіцкія іерархі лічаць неабходным стварэнне механізмаў ранняга папярэджання ксенафобіі, каб прадухіліць самасуд і стыгматызацыю.

Кардынал Стывен Брыслін з Яганэсбурга дадаў, што кожны чалавек, незалежна ад свайго прававога статусу, павінен мець доступ да медыцынскай дапамогі і адукацыі. На коне стаіць маральны аўтарытэт усёй Афрыкі, якая імкнецца стаць важным гульцом на сусветнай арэне праз культуру дыялогу і сустрэчы.
 

07 мая 2026, 11:03