Святы Пасад: рашэнні для Гаіці павінны паважаць годнасць чалавека
Аляксандр Панчанка – Vatican News
6 мая 2026 года прадстаўнік Святога Пасада пры Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаў мансеньёр Хуан Антоніа Крус Сэрана прыняў удзел у спецыяльным пасяджэнні Генеральнага сакратарыята ААД, прысвечаным сітуацыі ў Гаіці.
У сваім выступленні ватыканскі дыпламат адзначыў прыхільнасць Сакратарыята арганізацыі справе падтрымкі гаіцянскага народа ва ўмовах глыбокага і шматпланаванага крызісу. Адначасова ён падкрэсліў “важнасць таго, каб любыя меры ў адказ на сітуацыю ў Гаіці па-ранейшаму садзейнічалі падыходу, сапраўды арыентаванаму на чалавека, паважаючы годнасць кожнага гаіцяніна і спрыяючы пошуку доўгатэрміновых рашэнняў”.
Мансеньёр Крус Сэрана таксама заявіў, што Святы Пасад падтрымлівае намаганні, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў бяспекі і стварэнне атмасферы, якая спрыяе інтэгральнаму развіццю краіны. Ён нагадаў, што інстытуцыйная і дэмакратычная стабільнасць, грамадскі мір і ўмацаванне вяршэнства закона з’яўляюцца неабходнымі элементамі дабрабыту насельніцтва.
Паводле прадстаўніка Святога Пасада, міжнародная супольнасць павінна працягваць сумесную працу дзеля задавальнення патрэбаў гаіцянскага народа, падтрымліваючы дыялог, прымірэнне і агульнае дабро. Ён запэўніў у блізкасці Святога Пасада да народа Гаіці і пацвердзіў нязменную падтрымку намаганняў па ўмацаванні стабільнасці і міру ў краіне.