У чаканні Папы: дзеці з ускраін Неапаля рыхтуюць пасланні міру
Vatican News
“Школы міру” супольнасці святога Эгідзія дзейнічаюць у Неапалі ўжо каля трыццаці гадоў. Яны ўзніклі як адказ на праблемы гарадскіх ускраін, прапаноўваючы дзецям бясплатную дапамогу ў выкананні хатніх заданняў пасля школы, адукацыйную падтрымку, а таксама выхаванне культуры суіснавання і міру.
Як паведаміла каардынатар праекта Паола Картэлеса, дзеці з вялікім энтузіязмам рыхтуюцца да сустрэчы з Львом XIV: ствараюць плакаты, прыдумляюць і пішуць словы прывітання, упрыгожваюць іх малюнкамі. Яны будуць чакаць Папу ўздоўж маршруту ад катэдры да плошчы Плебісцыта. “Мы гаварылі з імі пра Папу як пра чалавека, які жадае, каб ва ўсім свеце быў мір. Гэта пасланне яны разумеюць вельмі добра”, - падзялілася кіраўніца праекта.
Для праблемнага прыгарада Неапаля, сумна вядомага заняпадам і гвалтам, візіт Папы – вельмі чаканая падзея. Па словах дырэктара школы, жыхары Скампіі мараць пра мірнае суіснаванне. “Мы чакаем міру ва ўсім свеце, якога, на жаль, сёння не стае”, - адзначыла яна. На такіх перыферыях “Школы міру” становяцца месцамі спакою і сустрэчы дзяцей розных культур і сацыяльных груп.
Школу наведваюць дзеці з цыганскай супольнасці, а таксама мясцовыя жыхары з усяго раёна і дзеці мігрантаў з розных краін свету. З імі працуюць маладыя валанцёры, якія крыху нагадваюць ім старэйшых братоў і сясцёр. Паводле кіраўніцы праекта, пасланне Папы пра мір цалкам упісваецца ў іх мару аб мірным суіснаванні, братэрстве, дапамозе і сяброўстве дарослых з маленькімі.
Супольнасць святога Эгідзія падтрымлівае не толькі дзяцей, але і пажылых людзей, бяздомных, каб вярнуць чалавечнасць і стварыць атмасферу сяброўства і міру. “Няма прычын, па якіх немагчыма мірнае суіснаванне паміж дарослымі і маленькімі, падлеткамі, людзьмі розных нацыянальнасцяў, і галоўнае пасланне ў тым, што можна спадзявацца і жыць у міры", - лічыць каардынатар школы.