Мансеньёр Раберта Кампізі Мансеньёр Раберта Кампізі 

Голас Святога Пасада ў ЮНЕСКА: адукацыя – інструмент міру

Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ЮНЕСКА мансеньёр Раберта Кампізі выступіў на 224-й сесіі Выканаўчага савета арганізацыі, акрэсліўшы прыярытэты Касцёла ў сферы культуры і адукацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй прамове дыпламат падкрэсліў, што ў сучасным свеце, дэстабілізаваным канфліктамі, місія ЮНЕСКА становіцца больш неабходнай, чым калі-небудзь. Святы Пасад афіцыйна падтрымаў ініцыятыву “UNESCO80”, накіраваную на павышэнне эфектыўнасці арганізацыі. Святар засяродзіў увагу на трох фундаментальных галінах: адукацыі, культурнай спадчыне і камунікацыі.

Адукацыя павінна не проста даваць веды, але фарміраваць свабодных людзей, здольных да крытычнага мыслення ў лічбавую эпоху.

Гаворачы пра адукацыю, мансеньёр Кампізі нагадаў пра “Глабальны адукацыйны пакт”, які быў ініцыяваны Францішкам і атрымаў новы імпульс ад Льва XIV. Гэтая ініцыятыва ставіць у цэнтр чалавечую асобу і сям’ю, заклікаючы да этычнага выкарыстання штучнага інтэлекту і захавання духоўнага вымярэння моладзі.

Паводле слоў назіральніка, выклік штучнага інтэлекту з’яўляецца не толькі тэхналагічным, але і антрапалагічным, бо машыны пачынаюць мадэляваць нашы пачуцці і ўяўленне.

Асобнае месца ў выступленні заняла тэма аховы культурнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай у выніку шматлікіх войнаў, у прыватнасці ва Украіне і на Блізкім Усходзе. Святы Пасад нагадвае пра абавязак абароны рэлігійных аб’ектаў як жывых месцаў веры і калектыўнай памяці. Гэта не раскоша, а неабходная база для будучай рэканструкцыі і прымірэння народаў.

Сапраўдная журналістыка ў часы вайны павінна пазбягаць прапаганды і паказваць твар трагедыі вачыма яе ахвяр.

У сферы камунікацыі ксёндз Кампізі спаслаўся на словы Папы Льва XIV, прамоўленыя падчас нядаўняй аўдыенцыі для італьянскіх журналістаў. Пантыфік заклікаў медыя не станавіцца рупарам улады і не ператвараць вайну ў “відэагульню”.

Завяршаючы выступленне ў ЮНЕСКА, прадстаўнік Святога Пасада пацвердзіў гатоўнасць да супрацоўніцтва дзеля пабудовы больш справядлівага і братэрскага свету.
 

15 красавіка 2026, 11:39