Іерусалім: храмы ў пастцы вайны і замерлая рэстаўрацыя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерусалім перажывае беспрэцэдэнтны час выпрабаванняў: з 28 лютага 2026 года галоўная святыня хрысціянства, Базіліка Гробу Пана, застаецца зачыненай. Ізраільскія ўлады не дазволілі цэлебраваць нядзельныя літургіі Вялікага посту нават пры зачыненых дзвярах, як гэта практыкавалася ў часы пандэміі. Гэта стварае атмасферу глыбокай няпэўнасці напярэдадні Пасхальнага Трыдуума.
Вайна спыніла рэстаўрацыю Гробу Пана за крок да завяршэння
Як паведаміў францішканскі кустод Святой Зямлі айцец Франчэска Ельпа, праз баявыя дзеянні кансервацыйныя працы ў Базіліцы Гробу Пана цалкам спынены. На гэты момант археалагічныя даследаванні і падрыхтоўка інфраструктуры пад падлогай практычна скончаны, заставалася толькі прафесійна ўкласці пліты і адрэстаўраваць уваходны партал. Калі б не вайна, працы маглі б завяршыцца ўжо праз месяц-два, аднак цяпер доступ у храм маюць толькі манахі.
У сваім звароце “Зачыненыя дзверы, згаслыя вочы” ён заўважыў, што нават войны мінулага не абмяжоўвалі доступ да храма так доўга і бесперапынна. Францішкане працягваюць перамовы з уладамі, каб забяспечыць хоць бы мінімальную прысутнасць вернікаў у базіліцы падчас Вялікага тыдня.
Бэтлеем: будучыня святыні Нараджэння Хрыстова пад пытаннем
Трывожная сітуацыя назіраецца і ў Бэтлееме, дзе ў канцы студзеня 2026 года пачалася кансервацыя Грота Нараджэння. Праект прадугледжвае маштабнае абнаўленне сістэм бяспекі, асвятлення і вентыляцыі, а таксама ачыстку старажытнага мармуру.
Францішкане нагадваюць заклік Льва XIV: “Спыніце агонь!”, падкрэсліваючы, што вочы, аслепленыя ўладай і нянавісцю, не здольныя бачыць пакуты бліжняга. У гэты цёмны час для Маці ўсіх Касцёлаў адзіным выйсцем застаецца адвага дзейнічаць разам, каб адчыніць дзверы для міру і малітвы.