Пошук

Кардынал Роберт Макэлрой Кардынал Роберт Макэлрой 

Без права на ўдар: пастыр Вашынгтона пра вайну з Тэгеранам

Кардынал Роберт Макэлрой заявіў, што ўступленне ЗША ў вайну з Іранам не мае маральнага апраўдання і парушае прынцыпы справядлівага свету, да якога заклікае каталіцкае вучэнне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Вашынгтона ў інтэрв’ю выданню "Catholic Standard" падкрэсліў, што адсутнасць гвалту павінна быць фундаментальнай пазіцыяй католікаў. Ён назваў цяперашні канфлікт доказам заняпаду маральных норм як у Злучаных Штатах Амерыкі, так і ва ўсім свеце.

Спасылаючыся на Папу Льва XIV, іерарх са смуткам заўважыў, што ваяўнічы азарт многіх народаў цалкам супярэчыць хрысціянскай веры.

Кардынал Макэлрой дэталёва растлумачыў, чаму амерыканская агрэсія не адпавядае крытэрыям "справядлівай вайны". Па-першае, адсутнічае слушная прычына: краіна не адказвала на непасрэдную або аб’ектыўна пацверджаную атаку Ірана. Іерарх нагадаў словы Бэнэдыкта XVI пра тое, што Касцёл не падтрымлівае прэвентыўныя войны, заснаваныя на спекуляцыях аб будучыні. Прызнанне такіх войнаў маральнымі паставіла б пад пагрозу любыя абмежаванні на прымяненне сілы.

Па-другое, парушаны крытэрый чыстай інтэнцыі. Кардынал звярнуў увагу на туманнасць мэт Вашынгтона: ад знішчэння ядзернага патэнцыялу да змены рэжыму і патрабавання безумоўнай капітуляцыі. Немагчыма казаць пра маральнасць дзеянняў, калі самі намеры агрэсара застаюцца незразумелымі і супярэчлівымі.

На думку вашынгтонскага пастыра, вайна на Блізкім Усходзе – у самым нестабільным рэгіёне планеты – ужо прывяла да жахлівых наступстваў: пагрозы грамадзянскай вайны ў Ліване і ціску на сусветныя рэсурсы.

Кардынал Макэлрой заклікаў зрабіць усё магчымае, каб спыніць эскалацыю, бо дзяржавы маюць строгі абавязак завяршаць канфлікты як мага хутчэй, асабліва калі рашэнне аб іх пачатку было прынята насуперак маралі.
 

10 сакавіка 2026, 11:48