Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Эксперты: Еўропа – эпіцэнтр мілітарызацыі

Новая справаздача Стакгольмскага інстытута даследаванняў праблем міру (Sipri), на якую спасылаецца місіянерскае агенцтва Святога Пасада “Fides”, сведчыць пра рэзкі рост сусветнага гандлю зброяй, дзе эпіцэнтрам мілітарызацыі стала Еўропа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Свет апынуўся ў віхуры новага пераўзбраення. Паводле даных “Sipri” за 2021-2025 гады, сусветны рынак зброі вырас на 9,2 працэнта ў параўнанні з папярэднім пяцігоддзем. Гэтая тэндэнцыя, якая няспынна набірае моц з пачатку стагоддзя, адлюстроўвае глыбокі крызіс міжнародных адносін, выкліканы войнамі ва Украіне, Судане і на Блізкім Усходзе.

Еўропа дэманструе ашаламляльны рост імпарту зброі – на 210 працэнтаў

Галоўным рухавіком гэтага працэсу стала Еўропа, дзе закупкі зброі выраслі больш чым удвая, што непасрэдна звязана з вайной ва Украіне і маштабным пераўзбраеннем еўрапейскіх дзяржаў. Пры гэтым Украіна стала найбуйнейшым імпарцёрам свету, а Злучаныя Штаты Амерыкі замацавалі статус галоўнага пастаўшчыка, кантралюючы 42 працэнта экспарту.

Сярод еўрапейскіх краін асабліва вылучаецца Італія, якая паказала самы высокі прырост экспарту – на 157 працэнтаў, і Польшча, чый продаж зброі павялічыўся на неймаверныя 4387 працэнтаў, пераважна за кошт паставак украінскаму боку. Гэта сведчыць пра кардынальную змену акцэнтаў у палітыцы бяспекі рэгіёна.

Афрыканскі рынак застаецца “шэрай зонай” з прычыны сакрэтнасці пагадненняў

Нягледзячы на шматлікія гарачыя пункты, такія як Судан, Тыграй ці Сахель, афіцыйны імпарт зброі ў Афрыку знізіўся на 41 працэнт. Аднак эксперты папярэджваюць: гэта можа быць ілюзіяй. Праблема палягае на празмернай сакрэтнасці пагадненняў паміж пастаўшчыкамі і афрыканскімі краінамі, што робіць немагчымым дакладны падлік.

Сакрэтнасць, якая ахінае пастаўкі зброі ў зоны канфліктаў, напрыклад, у Алжыр ці Судан, стварае небяспечную нявызначанасць. Там, дзе палітычны крызіс сустракаецца з ценявым рынкам узбраенняў, рызыка выбуху новых войнаў у бліжэйшыя гады застаецца крытычна высокай.
 

17 сакавіка 2026, 07:11