Папскі ўніверсітэт і навукоўцы з ЗША ствараюць этычны код для ШІ
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
10 сакавіка 2026 года ў Рыме распачалася канферэнцыя "Рабіць, каб вучыцца", арганізаваная супольна з Універсітэтам штата Місісіпі ў ЗША. Гэтая сустрэча развівае дзейнасць Міжнароднага даследчага цэнтра інтэгральнага інтэлекту, этыкі і грамадскіх каштоўнасцей.
Навуковая платформа заклікана аб’яднаць высілкі акадэмічнай супольнасці, індустрыі і палітыкаў для распрацоўкі этычнага і юрыдычнага кіравання лічбавымі сістэмамі.
Як паведамляе прэс-служба ўніверсітэта, прафесар Джузэпэ Торэ падчас дыскусіі ўвёў паняцце "інтэгральнага інтэлекту". Паводле яго слоў, тэхналогіі не павінны замяняць чалавечае меркаванне і сумленне. Торэ падкрэсліў, што эмоцыі і здольнасць да глыбокіх пытанняў – гэта тое, што машыны не могуць імітаваць, таму "пашыранае пазнанне" з дапамогай лічбавых інструментаў павінна заставацца пад кантролем чалавечай асобы.
Рэктар "Antonianum", брат Агусцін Эрнандэс Відалес, заклікаў да адкрытасці і ўсведамлення рызыкі "схаванага" лічбавага свету. Яго падтрымаў прафесар Дэвід Шоу з Універсітэта Місісіпі. Ён пацвердзіў гатоўнасць амерыканскіх навукоўцаў працаваць над палітыкай, якая скіруе моц штучнага інтэлекту на карысць грамадскага прагрэсу, а не толькі сухой вылічальнай эфектыўнасці.