Ліван: “Caritas” абвяшчае надзвычайнае становішча
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Сітуацыя ў краіне імкліва пагаршаецца. Урадавыя пункты прыёму перасяленцаў перапоўненыя – каля 400 з 538 сховішчаў цалкам запоўненыя. У краіне з насельніцтвам 4,5 мільёна чалавек кожны чацвёрты жыхар вымушаны быў бегчы, а 50 тысяч чалавек ужо пакінулі межы Лівана.
Шмат людзей застаецца ў ізаляваных вёсках, баючыся пакідаць дамы назаўжды ці не маючы сродкаў на пераезд. “Caritas” Лівана мабілізавала сілы для экстраннай дапамогі, але рэсурсаў катастрафічна не хапае. Каталіцкая дабрачынная арганізацыя разгарнула мабільныя клінікі, павялічыла колькасць сацыяльных кухняў, забяспечвае людзей ежай, коўдрамі і матрацамі. Аднак маштаб трагедыі патрабуе тэрміновай міжнароднай салідарнасці, бо ўласныя механізмы дапамогі краіны, якая ўжо пакутуе ад эканамічнага крызісу, знаходзяцца на мяжы краху.