Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Ірак: хрысціяне баяцца новай вайны і паўторнага сыходу

Абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе сее паніку сярод іракскіх хрысціян. Перад пагрозай маштабнай вайны і ракетных абстрэлаў вернікі зноў вымушаны пакідаць свае дамы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У размове з медыя Святога Пасада халдэйскі Патрыярх Багдада кардынал Луіс Рафаэль Сако падзяліўся сваім глыбокім болем. Трагічныя ўспаміны 2003 года зноў ажываюць у сэрцах іракцаў. Хаос, прага помсты і атакі ствараюць атмасферу страху. Асаблівую трывогу выклікае суседства з Іранам.

Па словах іерарха, ёсць вялікая рызыка таго, што лакальны канфлікт ператворыцца ў рэгіянальную вайну, таму адзіным выхадам застаецца дыпламатыя. Калі бамбардзіроўкі ахопяць даліну Ніневіі, 50 тысяч хрысціян назаўжды пакінуць сваю Радзіму.

Пад ударамі ўжо апынуліся хрысціянскія паселішчы Батная і Бартала, а таксама Эрбіль. Трагічнасць сітуацыі пацвярджае ксёндз Газван Бахо з парафіі ў Алькошы. Ён расказвае, што беспілотнік ужо знішчыў капліцу ў мястэчку Анкава.

Хрысціяне, якія раней уцякалі ў Эрбіль ад ісламскіх фундаменталістаў, зноў апынуліся ў пастцы. У парафіях Курдыстана ўлады просяць пазбягаць вялікіх сходаў, а суседні касцёл, нядаўна адбудаваны пасля разбурэнняў, атрымаў удары дзвюма іранскімі ракетамі. Калі Ірак адкрыта ўступіць у канфлікт у Персідскім заліве, хрысціянская прысутнасць у краіне можа знікнуць назаўжды.

У гэтыя цёмныя часы святлом для вернікаў застаецца падтрымка Папы Льва XIV. Яна дае надзею гэтак жа, як і гістарычны візіт Папы Францішка ў разбураны Масул пяць гадоў таму.

Кардынал Сако настойліва просіць людзей ва ўсім свеце не забываць пра сваіх братоў на Блізкім Усходзе, у тым ліку ў Іраку. Нягледзячы на ўсе няшчасці, яны застаюцца жывым коранем сваёй рэлігіі, і сёння ва ўсіх халдэйскіх святынях гучаць гарачыя малітвы аб міры.
 

07 сакавіка 2026, 12:14