Велікапоснае разважанне Ангелы Меркель у каталіцкім абацтве
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У цішыні старажытнай базілікі бенедыктынскага абацтва Марыя-Лах, што месціцца ў нямецкім рэгіёне Айфель, прагучалі словы, нетыповыя для вялікай палітыкі – словы пакаяння і глыбокай рэфлексіі.
Былы федэральны канцлер Ангела Меркель, звяртаючыся да вернікаў падчас традыцыйнага велікапоснага разважання, прызнала, што высілкі яе ўрада ў барацьбе са змяненнем клімату былі недастатковымі. Паводле яе слоў, хоць як у самой краіне, так і на сусветным узроўні было зроблена шмат, гэтага аказалася недастаткова, каб сапраўды ўратаваць свет ад катастрафічнага пацяплення.
Як паведамляе крыніца "KNA", у цэнтры велікапоснага роздуму экс-палітыка было пытанне маральнай адказнасці перад будучыняй: ці здольныя людзі сёння ахвяраваць чымсьці дзеля тых, хто прыйдзе пасля нас?
Меркель разважала пра тое, што клопат пра навакольнае асяроддзе і бяспеку – гэта не проста дзяржаўныя задачы, а іспыт для нашай гатоўнасці служыць супольнаму дабру. Яна адзначыла, што ў свеце, які імкліва змяняецца, нельга перакладаць цяжар сучасных праблем на плечы будучых пакаленняў.
Гаворачы пра выклікі лічбавай эпохі, былы канцлер засяродзілася на неабходнасці этычных меж для штучнага інтэлекту і сацыяльных сетак. Паводле яе слоў, тэхналогіі павінны заставацца інструментам у руках чалавека, а не сілай, якая яго разбурае. Яна падкрэсліла, што кожнаму з нас важна мець духоўную моц, каб не паддавацца нянавісці і хлусні, якія сёння так лёгка распаўсюджваюцца ў грамадстве.
Завяршаючы сваё разважанне, Ангела Меркель нагадала, што будучыня дэмакратыі залежыць не толькі ад законаў, але і ад сумлення кожнага грамадзяніна. Яна заклікала вернікаў да актыўнага хрысціянскага сведчання праз абарону чалавечай годнасці і адказныя адносіны да навакольнага свету.
Былы канцлер стала адной з шэрагу ганаровых гасцей, якія выступаюць у абацтве перад Вялікднем.