Пошук

Князь Альберт II падчас сустрэчы з Львом XIV у Ватыкане Князь Альберт II падчас сустрэчы з Львом XIV у Ватыкане  (@VATICAN MEDIA)

Князь Альберт II пра візіт Пантыфіка: паміж верай і мірам

Князь Альберт II падзяліўся чаканнямі ад візіту Льва XIV у Манака, падкрэсліўшы важнасць хрысціянскіх каштоўнасцей, аховы стварэння і мірнай місіі сваёй дзяржавы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Манака рыхтуецца да гістарычнай падзеі: у суботу, 28 сакавіка 2026 года, Папа наведае княства з візітам, які працягнецца каля дзевяці гадзін. Праграма прадугледжвае сустрэчу з князем Альбертам II і яго сям’ёй, камунікацыю з мясцовай каталіцкай супольнасцю, моладдзю і катэхуменамі, а завершыцца ўрачыстай Імшой на стадыёне.

У інтэрв’ю італьянскаму выданню "Corriere della Sera" манарх прызнаўся, што не чакаў такога хуткага адказу на сваё запрашэнне, агучанае падчас студзеньскай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Папскі візіт стане духоўным дарам для ўсяго княства

Для Манака, дзе каталіцызм з’яўляецца дзяржаўнай рэлігіяй з 1962 года, прыезд Пантыфіка мае асаблівае значэнне. Князь Альберт II нагадаў, што гэты канстытуцыйны статус веры замацаваў яшчэ яго бацька, князь Ранье III. Паводле слоў манарха, візіт з’яўляецца дарам не толькі для яго сям’і, але і для ўсіх жыхароў краіны.

Цікава, што сярод гасцей чакаюцца і сваякі князя з Злучаных Штатаў Амерыкі, якія прыедуць павітаць “амерыканскага” Папу. Альберт II адзначыў, што яго маці, княгіня Грэйс, паходзіла з Філадэльфіі, і яго родныя вучыліся ў тым жа аўгустынскім універсітэце Віланова, які ў 1977 годзе скончыў Роберт Фрэнсіс Прэвост.

Гаворачы пра імідж краіны, якую часта ўспрымаюць праз прызму раскошы і свецкага бляску, князь падкрэсліў, што за гэтым фасадам хаваецца сапраўдная душа – грамадства са шчырай хрысціянскай верай, адкрытае свету. Манарх бачыць у Манака пляцоўку для прасоўвання міру і аховы прыроды ў духу энцыклікі "Laudato Sì".

Манака імкнецца спалучаць свецкае жыццё з глыбокімі хрысціянскімі ідэаламі

Важнай часткай інтэрв’ю стала размова пра маральныя арыенціры. Князь Альберт II, які раней адмовіўся падпісаць закон аб легалізацыі абортаў, пацвердзіў сваю адданасць абароне жыцця, хоць і прызнаў далікатнасць гэтай тэмы. Разам з жонкай Шарлен ён стараецца выхоўваць сваіх дванаццацігадовых дзяцей, Габрыэлу і Жака, у атмасферы хрысціянскай шчодрасці і адкрытасці. Князь растлумачыў дзецям, што да іх едзе не проста чарговы кіраўнік дзяржавы, а найперш духоўны лідар усіх католікаў свету.
 

25 сакавіка 2026, 11:42