Грошы ЕС на "абортны турызм": пратэст сямейных арганізацый
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Рашэнне Еўрапейскай камісіі выкарыстоўваць рэсурсы Еўрапейскага сацыяльнага фонду плюс (ESF+) для аплаты паездак і пражывання жанчын, якія жадаюць зрабіць аборт у іншых краінах, выклікала хвалю абурэння сярод абаронцаў сямейных каштоўнасцей.
Старшыня FAFCE Вінчэнца Басі заявіў 2 сакавіка 2026 года, што гэты крок дэ-факта з’яўляецца спробай абысці нацыянальнае заканадаўства такіх краін, як Мальта ці Польшча, дзе дзейнічаюць абмежаванні на перарыванне цяжарнасці.
Паводле інфармацыі агенцтва "Kathpress", Еўракамісія падтрымала грамадзянскую ініцыятыву "My Voice My Choice", якая патрабуе выдзялення бюджэтных сродкаў ЕС на так званы "абортны турызм".
У сваю чаргу, прадстаўнікі каталіцкіх арганізацый разглядаюць гэтую ініцыятыву як інструмент палітычнага ціску, які не мае нічога агульнага з першапачатковымі мэтамі фонду ESF+ – спрыяннем сацыяльнай інклюзіі. "Аборт – гэта не пытанне аховы здароўя, а глыбокая этычная праблема, якая закранае маці, бацьку і дзіця", - гаворыцца ў заяве.
Вінчэнца Басі папярэдзіў, што выкарыстанне падаткаў еўрапейцаў на такія мэты цалкам супярэчыць духу і мэтам іншай маштабнай ініцыятывы "One of Us" ("Адзін з нас"), якую FAFCE падтрымлівае з 2012 года.
Кіраўнік федэрацыі выказаў занепакоенасць тым, што такія рашэнні сведчаць аб абыякавасці брусельскіх інстытутаў да меркавання значнай часткі грамадства. Гэта стварае небяспечную бездань паміж еўрапейскай палітыкай і рэальнымі патрэбамі сем’яў, якія чакаюць ад ЕС падтрымкі жыцця, а не спрыяння яго перарыванню.
Такі падыход Еўракамісіі, на думку ініцыятараў пратэсту, не толькі ігнаруе этычныя перакананні мільёнаў грамадзян, але і падрывае давер да агульнаеўрапейскіх структур, якія павінны клапаціцца пра сацыяльную згуртаванасць, а не правакаваць падзел у грамадстве.