“Caritas Europa”: ці гатовыя донары давяраць мясцовым кадрам?
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новы дакумент пад назвай “Прасоўванне мясцовага лідарства ў гуманітарнай дзейнасці” сведчыць аб тым, што прагрэс у падтрымцы лакальных ініцыятыў застаецца крохкім.
Хоць фінансаванне мясцовых суб’ектаў крыху вырасла, ніводная з буйных міжнародных арганізацый ці дзяржаў-донараў пакуль цалкам не выканала свае абавязацельствы па лакалізацыі дапамогі.
Старшыня еўрапейскай “Caritas” Міхаэль Ландау падкрэсліў, што мясцовае лідарства з’яўляецца фундаментам справядлівай гуманітарнай дзейнасці, якая ставіць годнасць чалавека ў цэнтр кожнага адказу. Ён адзначыў, што ў часы скарачэння бюджэтаў асабліва важна ўмацоўваць менавіта лакальныя структуры, якія лепш ведаюць патрэбы сваіх супольнасцей.
Справаздача заклікае агенцтвы ААН і міжнародныя няўрадавыя арганізацыі перайсці ад слоў да структурных рэформ. Неабходна забяспечыць мясцовым супольнасцям доступ да якаснага і гібкага фінансавання, а таксама даць ім права самастойна вызначаць прыярытэты дапамогі. Толькі праз раўнапраўнае партнёрства і падзел рызык магчыма пабудаваць устойлівую сістэму падтрымкі людзей, якім патрэбна дапамога.
У рэйтынгу выканання абавязацельстваў па лакалізацыі дапамогі, якія прадугледжваюць перадачу рэсурсаў і права прыняцця рашэнняў непасрэдна мясцовым арганізацыям сярод дзесяці ўрадаў-донараў, які ўключае Аўстрыю, Францыю, Швецыю і Еўрапейскую камісію, найвышэйшы бал атрымала Міністэрства замежных спраў Германіі.
Сярод агенцтваў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзе ацэньваліся таксама Дзіцячы фонд ЮНІСЕФ і Сусветная арганізацыя аховы здароўя, найлепшыя паказчыкі па падтрымцы мясцовых супольнасцей прадэманстравала Упраўленне Вярхоўнага камісара па справах бежанцаў.
Сярод буйных міжнародных няўрадавых структур, такіх як “Caritas” Германіі ці Нарвежская рада па справах бежанцаў, найлепшы вынік паказала ірландская каталіцкая арганізацыя “Трокаір” (Trócaire - Caritas Ireland).
Старшыня еўрапейскай “Caritas” папярэджвае, што без змены самой сістэмы прыняцця рашэнняў гэтыя поспехі застануцца крохкімі на фоне недафінансавання, якое ў 2025 годзе пакрыла толькі каля 28 працэнтаў сусветных патрэб.