Пошук

Ватыканскі эка-цэнтр у Кастэль-Гандольфа Ватыканскі эка-цэнтр у Кастэль-Гандольфа 

Экалогія як маральны абавязак: голас біскупаў свету

Епіскапаты свету выступілі з сумеснай дэкларацыяй, заклікаючы палітыкаў неадкладна адмовіцца ад выкапнёвага паліва дзеля паратунку мільёнаў людзей ад кліматычнай катастрофы.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Супольная заява каталіцкіх іерархаў Еўропы, Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Карыбскага басейна і Акіяніі стала магутным маніфестам, які пераводзіць экалагічную праблематыку з плоскасці дыскусій у сферу строгай маральнай адказнасці.

Дакумент пад назвай "Аб міры са стварэннем" грунтуецца на высновах мінулагодняга кліматычнага саміту "COP30" у Бразіліі і навучанні Святога Айца.

Крызіс прыроды – гэта адначасова грамадская і гуманітарная драма

Аўтары дэкларацыі салідарызуюцца з пазіцыяй Папы Льва XIV, падкрэсліваючы, што час прыгожых слоў вычарпаны. Статыстыка апошніх трох гадоў, якая фіксуе беспрэцэдэнтнае ў гісторыі пацяпленне, патрабуе ад міжнароднай супольнасці не пратакольных абяцанняў, а рэальных крокаў.

 

Біскупы настойваюць на тым, што экалагічны крызіс немагчыма разглядаць асобна ад грамадскіх і эканамічных працэсаў, бо ён нясе прамую пагрозу жыццю і псіхічнаму здароўю чалавека.

Найбольш балюча змены клімату ўдараюць па самых бедных слаях насельніцтва. Засухі і паводкі, правакаваныя глабальнымі зменамі, становяцца галоўным рухавіком вымушанай міграцыі. У дакуменце падкрэсліваецца, што адказнасць за гэты стан рэчаў ляжыць у першую чаргу на прамыслова развітых краінах.

Багатыя дзяржавы маюць маральную запазычанасць перад планетай

На думку іерархаў, дзяржавы, якія больш за стагоддзе будавалі свой дабрабыт на эксплуатацыі вугалю, газу і нафты, маюць "маральны абавязак" узначаліць працэс дэкарбанізацыі. Гэта прадугледжвае не толькі змены ўнутры гэтых краін, але і фінансавую ды тэхналагічную падтрымку дзяржаў, якія развіваюцца.

Заклік Касцёла адрасаваны не толькі ўрадам, але і фінансавым інстытутам, а таксама энергетычным канцэрнам. Гаворка ідзе пра пабудову такой эканамічнай мадэлі, дзе сацыяльная справядлівасць будзе неаддзельная ад аховы навакольнага асяроддзя, гарантуючы годнае жыццё кожнаму чалавеку.
 

18 сакавіка 2026, 10:58