Салідарнасць пасля тэракту: бельгійскі біскуп падтрымаў юдэяў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Бельгійскі іерарх падкрэсліў, што сінагогі, касцёлы і мячэці павінны заставацца месцамі цішыні і бяспекі для кожнага, хто прыходзіць туды на малітву.
Выбух у юдэйскай святыні Льежа, які міністр унутраных спраў Бернар Канцін назваў "нікчэмным актам антысемітызму", не прынёс чалавечых ахвяр, аднак нанёс значныя матэрыяльныя страты. Федэральная пракуратура Бельгіі ўжо распачала расследаванне гэтага злачынства.
Ад імя ўсіх католікаў правінцыі Льеж біскуп Дэльвіль выказаў глыбокую салідарнасць з юдэйскай супольнасцю горада. Ён нагадаў пра свае даўнія прыязныя стасункі з рабінам Джошуа Нейманам і іншымі лідарамі мясцовых яўрэяў. Паводле слоў іерарха, ваенны канфлікт на Блізкім Усходзе ні ў якім разе не павінен атручваць суіснаванне грамадзян розных рэлігій у Еўропе.
У сваім пасланні біскуп Жан-П’ер Дэльвіль заклікаў усіх вернікаў горада не паддавацца страху. Ён падкрэсліў, што менавіта павага і братэрства з’яўляюцца адзіным шляхам да таго, каб мір атрымаў перамогу над насіллем.
У часы, калі вайна сее варожасць, каталіцкі пастыр Льежа бачыць сваю місію ў захаванні міжрэлігійнага дыялогу, які Папа Леў XIV нястомна называе падмуркам цывілізаванага свету.