Пошук

Біскуп Альда Берардзі Біскуп Альда Берардзі  

Касцёл у Бахрэйне: малітва і пост як адказ на жахі вайны

Апостальскі вікарый Паўночнай Аравіі звярнуўся да жыхароў Бахрэйна ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на Блізкім Усходзе. Іерарх заклікаў хрысціян і мусульман аб'яднацца ў малітве і посце дзеля аднаўлення міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

5 сакавіка 2026 года біскуп Альда Берардзі апублікаваў афіцыйную заяву. Ён звярнуўся да караля Бахрэйна, урада і ўсіх грамадзян з заклікам да надзеі сярод болю і непакою.

Каталіцкі іерарх падкрэсліў, што канфлікт успыхнуў, калі мусульмане перажываюць Рамадан, а хрысціяне – Вялікі пост. Сёлета яны пачаліся практычна ў адзін дзень, што ён назваў не супадзеннем, а праявай Божага Провіду. Вайна нагадвае пра крохкасць жыцця і патрэбу звярнуцца да Бога з пакаяннем.

Аўтар звароту спадзяецца, што супольны шлях посту дапаможа вернікам разам шукаць выйсце з крызісу. У шчырай малітве яны просяць адзінага Бога, у якога верыў патрыярх Абрагам, узнавіць мірнае жыццё ў Бахрэйне і ва ўсім блізкаўсходнім рэгіёне.

Апостальскі вікарый моліцца за ўсіх пацярпелых ад канфлікту і заклікае людзей заставацца міратворцамі. Ён таксама падзякаваў абаронцам краіны і пажадаў, каб Бахрэйн заставаўся маяком талерантнасці і надзеі для ўсяго рэгіёна.
 

07 сакавіка 2026, 11:33