Пошук

"Візію Захарыі" Рэмбранта ван Рэйна "Візію Захарыі" Рэмбранта ван Рэйна 

Невядомы шэдэўр Рэмбранта: "Візію Захарыі" знайшлі ў Амстэрдаме

Дзяржаўны музей у Амстэрдаме пацвердзіў аўтэнтычнасць невядомага раней палатна Рэмбранта 1633 года, якое адлюстроўвае момант з’яўлення арханёла Габрыэля Захарыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мастацкі свет Амстэрдама перажывае сапраўдную сенсацыю: пасля двухгадовых даследаванняў навукоўцы вярнулі ў канон сусветнага мастацтва страчаны шэдэўр Рэмбранта ван Рэйна. Рэлігійнае палатно, датаванае 1633 годам, прадстаўляе драматычную сцэну ў святыні – момант, калі арханёл Гаьрыэль абвяшчае пажылому святару Захарыі вестку аб нараджэнні сына, будучага Яна Хрысціцеля.

Святло і вера: мастацкі геній 27-гадовага Рэмбранта

Як паведамляе "Rijksmuseum", карціна ідэальна ўпісваецца ў творчы шлях мастака, якому на момант стварэння працы было ўсяго 27 гадоў. У гэты перыяд Рэмбрант асабліва плённа працаваў над біблейскімі сюжэтамі, стварыўшы такія вядомыя творы, як "Данііл і Кір перад вавілонскім ідалам Бэлам" (1633) і "Хвалебная песня Сімяона" (1631).

Цікава, што знойдзеная цяпер "Візія Захарыі" была выключана са спісаў аўтэнтычных прац майстра ў 1960 годзе і на доўгі час знікла з вачэй грамадскасці, знаходзячыся ў прыватнай калекцыі.

Сучасныя метады аналізу дазволілі спецыялістам паставіць кропку ў спрэчках аб паходжанні карціны. Выкарыстанне макра-XRF сканавання і дэталёвае вывучэнне драўлянай асновы пацвердзілі, што структура фарбаў, каляровая палітра і нават манера нанясення слаёў цалкам супадаюць з іншымі працамі Рэмбранта таго ж перыяду.

Тэхналагічнае пацвярджэнне аўтэнтычнасці

"Аналіз матэрыялу, стылістычнае і тэматычнае падабенства, а таксама змены ў кампазіцыі, унесеныя самім мастаком падчас працы, вядуць да высновы, што гэта сапраўдны твор Рэмбранта ван Рэйна", - тлумачаць прадстаўнікі музея.

Навукоўцы выявілі пад пластамі фарбы аўтарскія праўкі, якія сведчаць аб жывым творчым працэсе, што немагчыма для звычайнай копіі. Падпіс майстра таксама прызнаны несумненным.

З 4 сакавікa 2026 года гэты духоўны і мастацкі скарб, перададзены прыватным калекцыянерам у доўгатэрміновую арэнду, стане даступны для ўсіх наведвальнікаў амстэрдамскага музея. Для вернікаў і аматараў мастацтва гэта магчымасць па-новаму зірнуць на біблейскую падзею праз прызму генія вялікага галандца.
 

03 сакавіка 2026, 09:19