Як 6 тысяч законніц ратуюць ахвяр сучаснага рабства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Міжнародная сетка “Talitha Kum”, якая аб’ядноўвае больш за 6000 законніц і свецкіх паплечнікаў у 100 краінах свету, заклікае разглядаць барацьбу з гэтай ганебнай з’явай не толькі як сацыяльную задачу, але і як глыбокі духоўны абавязак .
Каардынатар сеткі, сястра Эбі Авеліна, у інтэрв’ю для “L'Osservatore Romano” падкрэсліла, што гандляры людзьмі ўсё часцей выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі і крызісныя сітуацыі, такія як войны і кліматычныя катастрофы, для вярбоўкі новых ахвяр.
Сучаснае рабства закранае каля 50 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце, прычым больш за 60 працэнтаў ахвяр – гэта жанчыны і дзяўчынкі, якіх эксплуатуюць сексуальна або выкарыстоўваюць для прымусовай працы.
Асаблівую ролю ў прафілактыцы адыгрывае моладзь, якая дапамагае распазнаваць маніпуляцыі ў інтэрнэце і праводзіць адукацыйныя кампаніі ў парафіях і школах. Гэта стварае масты паміж пакаленнямі і культурамі, дапамагаючы выяўляць небяспеку яшчэ да таго, як адбудзецца факт эксплуатацыі.
Сястра Авеліна перакананая, што мір пачынаецца там, дзе абаронена чалавечая годнасць – у лагерах для бежанцаў, на міграцыйных шляхах і ў сэрцах, якія адмаўляюцца ад абыякавасці. Малітва дае сілы не толькі спачуваць, але і дзейнічаць, прызнаючы кожную асобу святой.