Біскупы Венесуэлы: вярнуць уладу народу і спыніць галечу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас 125-й пленарнай асамблеі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Венесуэлы дэталёва прааналізавала глыбокі палітычны крызіс, які ахапіў краіну пасля ўмяшання Злучаных Штатаў і падзення рэжыму Нікаласа Мадура.
Іерархі падкрэслілі, што сапраўдны суверэнітэт належыць народу і не можа быць прысвоены ніводнай іншай сілай, а таксама раскрытыкавалі ігнараванне волі грамадства з прычыны неапублікавання падрабязных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2024 года. Для выхаду з тупіка Касцёл патрабуе стварэння незалежнага суда і выбарчай рады, здольных гарантаваць сумленнае галасаванне.
Біскупы выказалі духоўную блізкасць з палітвязнямі і іх сем’ямі, назваўшы прыняцце закона аб шырокай амністыі абавязковай умовай для пачатку “доўгага і цяжкага шляху нацыянальнага паяднання”. Яны таксама рашуча асудзілі ўплыў знешніх фактараў і дзейнасць нелегальных узброеных груп, якія дэ-факта кантралююць значныя тэрыторыі краіны, парушаючы дзяржаўны суверэнітэт. Сацыяльнае становішча венесуэльцаў патрабуе неадкладнай змены эканамічнага курсу дзеля пераадолення галечы.
Духоўныя лідары з болем адзначылі катастрафічны стан адукацыі і медыцыны, у выніку чаго старыя і хворыя засталіся без апекі, а мільёны людзей вымушаны былі эміграваць, што прывяло да масавага распаду сем’яў.
Епіскапат заклікаў накіраваць прыбыткі ад нафтавай прамысловасці не на палітычны кліентызм, а на рэальнае павышэнне заробкаў і сацыяльныя праграмы, якія дазволяць грамадзянам годна забяспечваць свае патрэбы.