Свабода веравызнання пад ударам: вынікі слуханняў у Кангрэсе ЗША
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас слуханняў 5 лютага 2026 года заканадаўцы і эксперты канстатавалі, што сітуацыя са свабодай веравызнання ў свеце імкліва пагаршаецца.
Крыс Сміт, старшыня падкамітэта па Афрыцы, падкрэсліў, што рэлігійны пераслед сёння не проста застаецца праблемай, але "выбухае" ў розных пунктах планеты. Паводле яго слоў, права на свабоду сумлення належыць кожнаму чалавеку, аднак аўтарытарныя рэжымы ўсё часцей бачаць у верніках пагрозу свайму абсалютнаму кантролю.
Былы пасол ЗША па пытаннях міжнароднай рэлігійнай свабоды Сэм Браўнбэк заявіў пра ўзнікненне беспрэцэдэнтнага альянсу камуністычных і таталітарных дзяржаў. Гэтыя рэжымы выкарыстоўваюць любыя сродкі, каб падпарадкаваць сабе рэлігійныя супольнасці, успрымаючы іх як галоўную ўнутраную пагрозу дыктатуры.
Эксперт адзначыў, што колькасць забойстваў хрысціян у свеце дасягнула гістарычнага максімуму, хоць падобная трагічная тэндэнцыя назіраецца і ў дачыненні да іншых рэлігій.
Стывен Шнэк, камісар Камісіі ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе, назваў сітуацыю "беспрэцэдэнтным глабальным крызісам". Ён выказаў занепакоенасць тым, што каштоўнасная дыпламатыя часам саступае месца прагматычным здзелкам, што дазваляе краінам-парушальніцам, такім як Нігерыя, заставацца зонамі высокай рызыкі для хрысціян і ўмераных мусульман.
Асаблівая ўвага была звернута на лёс хрысціянскіх святынь у зонах канфліктаў, у прыватнасці каталіцкай парафіі ў Газе.