Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл і Белы дом: судовая справа па бежанцах закрыта

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў ЗША (USCCB) адклікала іск супраць адміністрацыі Трампа пасля вяртання запазычанасці за праграмы па рассяленні бежанцаў і спынення шматгадовага кантракта.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Судовая справа, якая цягнулася са студзеня 2025 года, афіцыйна завершана. Суддзя Трэвар Н. Макфадэн падпісаў загад аб закрыцці справы без шкоды для бакоў, што пакідае за біскупамі права звярнуцца ў суд паўторна пры неабходнасці.

Прадстаўніца епіскапату Чыека Нагучы пацвердзіла, што Касцёл атрымаў усе сродкі, якія ўрад быў вінаваты за выкананую працу. Сума запазычанасці перад Касцёлам на красавік 2025 года складала больш за 24 мільёна долараў.

Канфлікт пачаўся ў студзені 2025 года, калі адміністрацыя Трампа прыпыніла ўдзел епіскапату ў праграме дапамогі бежанцам (USRAP). Яна дзейнічала з 1980 года і была асновай для легальнага рассялення людзей, якія прайшлі праверку бяспекі. У сваім іску біскупы назвалі дзеянні ўлад “незаконнымі і шкоднымі”, абвінаваціўшы іх у самавольстве і парушэнні Канстытуцыі.

Прыпыненне кантракта мела цяжкія наступствы для касцельных структур: каля траціны супрацоўнікаў аддзела міграцыі і бежанцаў былі звольнены. У выніку ў красавіку 2025 года епіскапат ЗША абвясціў, што не будзе падаўжаць партнёрства з федэральным урадам у сферы паслуг для дзяцей і падтрымкі бежанцаў, назваўшы такое супрацоўніцтва “немагчымым”.

На гэты момант сітуацыя вакол дапамогі мігрантам у ЗША перажывае кардынальную трансфармацыю. Касцёл вымушаны шукаць новыя шляхі рэалізацыі сваёй місіі. Хутчэй за ўсё, акцэнт будзе зроблены на непасрэднай падтрымцы мігрантаў праз прыватныя ахвяраванні, забяспечваючы іх ежай, адзеннем і духоўнай апекай без адміністрацыйнага нагляду з боку дзяржавы.
 

27 лютага 2026, 09:46