Украіна: “Caritas” папярэджвае пра пагаршэнне гуманітарнай сітуацыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Узровень беднасці ва Украіне расце: многія сем’і вычарпалі свае зберажэнні і наблізіліся да мяжы выжывання. Залежнасць ад знешняй падтрымкі вырасла на 15–20 % у параўнанні з пачаткам 2024 года.
“Caritas” – адна з найбуйнейшых дабрачынных арганізацый ва Украіне. За чатыры гады вайны яе мясцовыя сеткі – “Caritas Ukraine” і “Caritas-Spes” – аказалі падтрымку звыш 6 мільёнам чалавек.
“Да вайны наша сталовая ў Кіеве абслугоўвала каля 60 чалавек у дзень, пераважна бяздомных. Сёння мы штодня прымаем больш за 500 чалавек — у асноўным збяднелыя сем’і без ацяплення і электрычнасці ў дамах”, - адзначыў ксёндз Вячаслаў Грыневіч, выканаўчы дырэктар украінскага “Caritas-Spes”.
Паводле ацэнак “Caritas”, больш за 4 мільёны ўкраінцаў страцілі дамы і маюць патрэбу ў жыллі. “Спачатку мы засяродзіліся на часовых прытулках для бежанцаў. Цяпер жа супрацоўнічаем з урадам над распрацоўкай плана сацыяльнага жылля, каб дапамагчы людзям аднавіць сваё жыццё”, - паведаміла Таццяна Стаўнічы, старшыня “Caritas Ukraine”.
Прыярытэтамі “Caritas” на бягучы год з’яўляюцца дапамога пацярпелым ад ракетных атак, падтрымка тых, хто застаўся без электрычнасці, ацяплення і вады, аднаўленне жылля і садзейнічанне працаўладкаванню. Цэнтральнае значэнне таксама надаецца падтрымцы псіхічнага здароўя і псіхасацыяльнай дапамозе дзецям, сем’ям, ветэранам і мясцовым супольнасцям.
Міжнародная салідарнасць жыццёва неабходная
На пачатку пятага года вайны супрацоўнікі “Caritas” папярэджваюць пра новую праблему – нарастанне гуманітарнай стомленасці на фоне зніжэння міжнароднай увагі.
“У вайне, якая ўжо чатыры гады спусташае ўкраінскі народ і прымушае людзей уцякаць у пошуках бяспекі, наша салідарнасць і дапамога ніколі не былі настолькі неабходнымі. Мы не можам спыняцца. Патрэбныя сур’ёзныя, шчырыя і ўсеагульныя намаганні дзеля справядлівага і ўстойлівага міру. Гэтая вайна павінна скончыцца”, - заявіў генеральны сакратар “Caritas Internationalis” Алістэр Датан.