Шры-Ланка: Касцёл патрабуе справядлівасці пасля арышту генерала
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паліцыя краіны ўзяла пад варту генерала ў адстаўцы Сурэша Салея ў сувязі з каардынаванымі нападамі на гатэлі і хрысціянскія храмы, сярод якіх былі два каталіцкіх.
Прадстаўнік архідыяцэзіі Каломба ксёндз Сірыл Гаміні Фернанда ў каментары для агенцтва "Fides" заклікаў супольнасць захоўваць спакой і пазбягаць палітычных інтэрпрэтацый гэтай падзеі. Ён падкрэсліў, што Касцёл хоча не помсты, а выключна справядлівасці і высвятлення праўды дзеля памяці ахвяр і іх сем’яў.
Ксёндз Фернанда, які таксама з’яўляецца дырэктарам каталіцкага тыднёвіка "Gnartha Pradeepaya", адзначыў, што папярэднія ўлады праяўлялі халатнасць, фактычна блакіруючы пошук вінаватых. Ён выказаў спадзяванне на тое, што правасуддзе будзе ажыццяўляцца празрыста і сумленна, паколькі прынцып роўнасці ўсіх перад законам з’яўляецца фундаментам прававой дзяржавы.
Касцёл у Шры-Ланцы працягвае настойваць на тым, каб былі раскрыты не толькі імёны выканаўцаў, але і сапраўдныя прычыны і заказчыкі тых крывавых нападаў. Гэта неабходна для таго, каб пакласці канец атмасферы беспакаранасці ў краіне.