Іспанія і Італія: міграцыйны прарыў на фоне чарговай трагедыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гістарычнае рашэнне Мадрыда афіцыйна прызнаць статус паўмільёна чалавек стала адказам на заклік біскупаў да грамадскай справядлівасці. Статус атрымаюць тыя, хто знаходзіўся ў краіне да канца 2025 года. Арцыбіскуп Луіс Аргуэльё назваў гэта перамогай чалавечай годнасці, якая вызваляе людзей з прававога вакууму і бяспраўя.
Аднак на іншым беразе Міжземнамор’я пануе жалоба. Цыклон “Гары” стаў прычынай гібелі каля 380 чалавек, якія плылі на васьмі лодках з Туніса ў кірунку італьянскага берага. Кардынал Матэа Дзупі, старшыня епіскапату Італіі, востра асудзіў “логіку смерці”, да якой грамадства пачынае прывыкаць.
Касцельныя лідары вінавацяць улады ў свядомым замоўчванні маштабаў трагедыі. Арцыбіскуп Джанкарла Перэга нагадаў свету пытанне Папы Льва XIV: “Дзе брат твой?”, патрабуючы ад ЕС неадкладных выратавальных аперацый. Касцёл настойвае: права на жыццё важнейшае за бяспеку меж.