Пошук

Апостальскі нунцый Вісвальдас Кульбокас моліцца з сем'ямі ахвяр у Цярнопалі Апостальскі нунцый Вісвальдас Кульбокас моліцца з сем'ямі ахвяр у Цярнопалі 

Нунцый у Кіеве пра віну забойцаў і адказнасць хрысціян

Нунцый у Кіеве арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас падкрэсліў, што рэлігіі па сваёй прыродзе павінны быць супраць вайны, бо забойства чалавека робіць агрэсара паплечнікам д’ябла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Напярэдадні чацвёртай гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну ватыканскі дыпламат выступіў на канферэнцыі, прысвечанай шляхам да справядлівага міру ў Еўропе.

Прадстаўнік Папы звярнуў увагу на відавочнасць пакут, якія на свае вочы бачаць сведкі вайны, і нагадаў, што разбурэнне Божага стварэння з’яўляецца варожасцю не толькі супраць людзей, але і супраць самога Створцы. Хто нішчыць жыццё, вялікае яно ці малое, той становіцца ворагам Бога.

Іерарх са смуткам канстатаваў, што нават у хрысціянскім асяроддзі сустракаецца пасіўнае назіранне або спробы звесці адказнасць бакоў да агульных фраз пра тое, што ў гэтым канфлікце “не ўсё так адназначна”.

Паводле яго слоў, такая рыторыка прымяншае віну тых, хто забівае, і амаль ураўноўвае іх становішча з сітуацыяй ахвяр. Асабліва трагічным выглядае тое, што лідары некаторых Цэркваў і супольнасцей адкрыта апраўдваюць вайну і агрэсію.

Каб змяніць гэтае памылковае стаўленне, арцыбіскуп Кульбокас прапанаваў тры канкрэтныя адказы. Першы – гэта нястомная малітва аб ласцы справядлівасці. Другі – асабістая мудрасць кожнага чалавека на сваім месцы: чым больш адказна выконваюцца штодзённыя абавязкі, тым бліжэй становіцца мір. Трэцім крокам з’яўляюцца супольныя намаганні рэлігій і грамадзянскай супольнасці па аднаўленні праўды.

Канферэнцыя, арганізаваная ў Кіеве, стала пляцоўкай для дыялогу паміж Еўрапейскім рухам дзеяння без насілля, Кангрэсам самакіравання Украіны і праваабаронцамі.
 

24 лютага 2026, 10:21