“Faithful Futures”: рэлігійны альянс за правы чалавека ў Ізраілі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ініцыятыва аб’яднала намаганні арганізацый “Rabbis for Human Rights” і палесцінскага экуменічнага цэнтра “Sabeel”. Прадстаўнікі абодвух бакоў прэзентавалі праект у Берліне пры падтрымцы каталіцкага дабрачыннага фонду “Misereor”.
Галоўная мэта альянсу – паказаць, што рэлігія можа быць маральным фундаментам для партнёрства, а не прычынай для варожасці. Удзельнікі падкрэслілі, што ва ўмовах эскалацыі насілля супольныя дзеянні з’яўляюцца адзіным спосабам забяспечыць будучыню для абодвух народаў.
Спікеры адзначылі, што праект грунтуецца на агульных каштоўнасцях і абароне кожнага чалавечага жыцця. Антон Гудман з “Rabbis for Human Rights” назваў ініцыятыву праектам, які спалучае духоўнасць з праваабарончай дзейнасцю. Гэта асабліва важна ў той час, калі грамадства ў Ізраілі і Палесціне максімальна палярызаванае. Удзельнікі заклікалі міжнародную супольнасць падтрымаць іх намаганні па стварэнні прасторы для дыялогу.
Прадстаўнікі фонду “Misereor” папярэдзілі, што праца няўрадавых арганізацый у рэгіёне становіцца ўсё больш і больш складанай. Новыя падатковыя патрабаванні і палітычны ціск ствараюць дадатковыя перашкоды для гуманітарных місій. Нягледзячы на гэта, альянс “Faithful Futures” мае намер працягваць маніторынг парушэнняў правоў чалавека, застаючыся голасам сумлення ў цэнтры шматгадовага канфлікту.