Спад друку і лічбавы поспех: як сёння чытаюць Біблію
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нямецкае біблійнае таварыства ў Штутгарце апублікавала свежыя даныя, якія сведчаць аб зніжэнні колькасці прададзеных друкаваных асобнікаў Святога Пісання.
У 2025 годзе было распаўсюджана каля 263 000 Біблій на розных мовах, што прыкметна менш у параўнанні з 333 000 асобнікаў годам раней. Гэтыя лічбы адлюстроўваюць глыбокую трансфармацыю ў звычках сучасных вернікаў.
Лічбавая эра мяняе звычкі
Як паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “KNA”, генеральны сакратар таварыства Крыстаф Розель звязвае такую дынаміку з фундаментальнымі зменамі ў Касцёле і грамадстве. Паводле яго слоў, хоць лічбы не растуць штогод, Біблія і ў 2025 годзе заставалася абсалютным бестселерам.
Цікава, што зніжэнне попыту закранула ў першую чаргу іншамоўныя выданні і такія сучасныя адаптацыі, як "Gute Nachricht Bibel". У той жа час, класічны пераклад Марціна Лютэра нават крыху палепшыў свае пазіцыі, а разам з ім вырас інтарэс і да спецыялізаванай літаратуры па рэлігійнай педагогіцы.
Ад паперы да экрана
Галоўны акцэнт сёння ссоўваецца ў віртуальную прастору. Крыстаф Розель падкрэсліў, што колькасць зваротаў да біблейскіх тэкстаў праз вэб-сайты і мабільныя дадаткі вырасла на 4 мільёны, дасягнуўшы агульнай адзнакі ў 16 мільёнаў карыстальнікаў. Гэта пацвярджае, што змена носьбіта не азначае страту цікавасці да Святога Пісання.
Асаблівым гонарам Нямецкага біблійнага таварыства застаюцца навуковыя выданні на мовах арыгінала, якія з'яўляюцца фундаментам для тэалагічнай навукі ва ўсім свеце. Попыт на такія працы, як "Biblia Hebraica Stuttgartensia" ці "Novum Testamentum Graece", павялічыўся з 25 000 да 28 000 асобнікаў, што сведчыць пра нязгасную патрэбу ў глыбокім і грунтоўным вывучэнні Божага Слова.