Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францыя: працягваюцца дэбаты адносна законапраекта аб эўтаназіі

25 лютага 2026 года ў Францыі на Нацыянальным сходзе адбылося другое чытанне праекта закона аб эўтаназіі. У параўнанні з першым чытаннем у маі 2025 года колькасць дэпутатаў, якія прагаласавалі супраць законапраекта, значна павялічылася. Аднак па-ранейшаму большасць прагаласавала “за”.

Ян Глінскі

299 галасоў “за” і 226 “супраць” – такі вынік другога этапу галасавання. Для параўнання, падчас першага чытання 305 дэпутатаў выказаліся “за”, а “супраць” – 199. Акрамя гэтага ўдзельнікі сходу аднагалосна прынялі законапраект аб развіцці паліятыўнай дапамогі.

Як адзначыў французскі біскуп Мацье Ружэ, “дыскусія будзе працягвацца, яшчэ нічога не вырашана”. Іерарх дыяцэзіі Нантэр у парыжскім рэгіёне перакананы, што не час падаць духам: рашучы, але поўны павагі дыялог з парламентарыямі можа абудзіць сумленні тых, ад каго залежыць прыняцце закона. Як патлумачыў іерарх, застаюцца яшчэ асобы, якія вагаюцца: з 562 выбаршчыкаў 37 устрымаліся. З улікам 15 дэпутатаў, якія адсутнічалі ў зале, 52 галасы ўсё яшчэ могуць паспрыяць адхіленню новага закона.

Біскуп Ружэ заклікаў працягваць барацьбу супраць закона, які легалізуе асіставанае самагубства і эўтаназію ў Францыі. Да канчатковага галасавання, як дадаў душпастыр, яшчэ ёсць час прыняць меры: мы назіраем “сапраўднае скарачэнне галасоў, якія падтрымліваюць законапраект аб эўтаназіі”, хоць гэта яшчэ не “паварот тэндэнцыі”, а эвалюцыя, якая абавязвае нас захоўваць надзею на пазітыўны вынік канчатковага галасавання.

Французскі іерарх заклікаў таксама да больш глыбокай рэфлексіі на тэму абароны найбольш уразлівых і развіцця эфектыўнай паліятыўнай дапамогі.
 

27 лютага 2026, 08:24