Нацыянальная асамблея Францыі Нацыянальная асамблея Францыі  (afp or licensors)

Пост і малітва за сумленне дэпутатаў: заклік біскупаў Францыі

Каталіцкі Касцёл у Францыі абвясціў дзень малітвы і посту напярэдадні вырашальнага галасавання ў парламенце па законапраекце, які легалізуе актыўную дапамогу ў паміранні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Французскі епіскапат абраў для гэтай духоўнай ініцыятывы асаблівы час – першую пятніцу Вялікага посту, 20 лютага 2026 года. Гэты крок стаў адказам на вяртанне спрэчнага дакумента ў Нацыянальны сход пасля таго, як у студзені 2026 года Сенат яго адхіліў. Дэбаты дэпутатаў павінны пачацца ўжо 16 лютага, а фінальнае рашэнне запланавана на 24 лютага.

Як паведамляе Канферэнцыя Біскупаў Францыі, прапанаваны тэкст фактычна выводзіць краіну на шлях эўтаназіі і дапаможнага самагубства. Іерархі звяртаюць увагу на тое, што новы праект аслабляе існуючае заканадаўства аб паліятыўнай дапамозе, якое раней карысталася шырокім грамадскім кансэнсусам. У прыватнасці, з дакумента былі выдалены пункты, датычныя стварэння спецыялізаваных дамоў паліятыўнай апекі.

Епіскапат на працягу ўсяго працэсу разгляду законапраекта неаднаразова выступаў з пратэстамі. У сваіх аргументах іерархі нязменна падкрэсліваюць неад’емную годнасць кожнага чалавека. Яны заклікаюць дзяржаву не дапамагаць у самагубстве, а забяспечваць суправаджэнне хворых да самога канца праз развіццё якаснай медыцынскай апекі.

Мэта дня посту і малітвы – прасіць Бога аб асвятленні сумлення тых, хто прымае дзяржаўныя рашэнні. Касцёл імкнецца падкрэсліць сур’ёзнасць этычнага выкліку, перад якім апынулася краіна. Заклік іерархаў прагучыць ва ўсіх парафіях Францыі падчас нядзельных святых Імшаў і ў Папяльцовую сераду.
 

14 лютага 2026, 11:51